Белорусская литература

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 12 Сентября 2013 в 21:03, биография

Краткое описание

Агульная характарыстыка гістарычных падзей. Першая сусветная вайна нанесла Беларусі велізарныя матэрыяльныя і маральныя страты. Пульс нацыянальнага і духоўна-культурнага жыцця ў краі ледзь праслухоўваўся. З 1915 па 1918 год не чутно было голасу Я. Купалы: у гэты час ён не пісаў вершаў і мала друкаваўся. Toe самае можна сказаць і пра Я. Коласа, які, праўда, у гэты перыяд працаваў над паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка», але ў друку яго імя рэдка з’яўлялася. Да таго ж, саміх газет і часопісаў засталося вельмі мала, і тыя выходзілі ў свет нерэгулярна. На абшарах Беларусі бушавала вайна, працяглы час краіну дзяліў на часткі руска-нямецкі фронт. Не было яснасці ў галоўным пытанні, сфармуляваным у назве публіцыстычнага артыкула Ц. Гартнага, надрукаванага ўвосень 1917 года: «Як жа з Беларуссю?» Палітычныя шляхі да дзяржаўнай незалежнасці па-рознаму ўяўляліся беларускім пісьменнікам, але ў галоўным, у тым, што беларускі народ мае права на дзяржаўнасць, яны сыходзіліся. Гэты агульны клопат аб лёсе Беларусі выявіўся ў бурным ажыўленні творчай дзейнасці многіх з іх пасля рэвалюцыйных падзёй 1917 года.

Вложенные файлы: 1 файл

БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА ПЕРШАЙ ТРЭЦІ XX СТАГОДДЗЯ.doc

— 77.00 Кб (Скачать файл)

БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА ПЕРШАЙ ТРЭЦІ XX СТАГОДДЗЯ

 

Агульная характарыстыка гістарычных падзей. Першая сусветная вайна нанесла Беларусі велізарныя матэрыяльныя і маральныя страты. Пульс нацыянальнага і духоўна-культурнага жыцця ў краі ледзь праслухоўваўся. З 1915 па 1918 год не чутно было голасу Я. Купалы: у гэты час ён не пісаў вершаў і мала друкаваўся. Toe самае можна сказаць і пра Я. Коласа, які, праўда, у гэты перыяд працаваў над паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка», але ў друку яго імя рэдка з’яўлялася. Да таго ж, саміх газет і часопісаў засталося вельмі мала, і тыя выходзілі ў свет нерэгулярна. На абшарах Беларусі бушавала вайна, працяглы час краіну дзяліў на часткі руска-нямецкі фронт. Не было яснасці ў галоўным пытанні, сфармуляваным у назве публіцыстычнага артыкула Ц. Гартнага, надрукаванага ўвосень 1917 года: «Як жа з Беларуссю?» Палітычныя шляхі да дзяржаўнай незалежнасці па-рознаму ўяўляліся беларускім пісьменнікам, але ў галоўным, у тым, што беларускі народ мае права на дзяржаўнасць, яны сыходзіліся. Гэты агульны клопат аб лёсе Беларусі выявіўся ў бурным ажыўленні творчай дзейнасці многіх з іх пасля рэвалюцыйных падзёй 1917 года.

Літаратурна-грамадскі pyx і культурнае будаўніцтва ў 1920-я гады. У перыяд станаўлення беларускай дзяржаўнасці, у пачатку 1920-х гадоў, у Мінску паступова збіраюцца прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі, раскіданыя ваенным ліхалеццем па свеце. Са Смаленска пераязджаюць Я. Купала і Ц. Гартны, з Курскай губерні быў адкліканы Наркамам асветы Я. Колас, крыху пазней з Вільні прыехаў М. Гарэцкі. З вайны вяртаюцца адзін за адным М. Чарот, К. Крапіва, У. Дубоўка, М. Зарэцкі, М. Лынькоў. Пісьменнікаў прывабіў і натхніў курс новай улады на беларусізацыю. Перад Наркамам асветы ставілася задача аб паступовым пераходзе навучальных устаноў на беларускую мову. Дзеля гэтага былі наладжаны курсы перападрыхтоўкі для настаўнікаў, друкаваліся агульныя і спецыялізаваныя руска-беларускія і беларуска-рускія слоўнікі, школьныя падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, было заснавана выдавецтва «Адраджэнне» (1922), пачалі выходзіць газета «Савецкая Беларусь» (1920), дзіцячы часопіс «Зоркі» (1921), часопісы «Полымя» (1922), «Маладняк» (1923), а пазней — «Узвышша» (1927). У ліпені 1924 года было афіцыйна аб’яўлена аб пераходзе да беларусізацыі, пад якой разумелася развіццё беларускай культуры, перавод усяго справаводства на беларускую мову і інш.

Нацыянальная палітыка спрыяла стварэнню адпаведнай грамадскай атмасферы. Падзеяй у культурным жыцці рэспублікі стала адкрыццё Першага беларускага дзяржаўнага тэатра (1920), Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1921), Дзяржаўнай бібліятэкі (1922), Інстытута беларускай культуры (1922).

Дзякуючы шырокім магчымасцям для развіцця нацыянальнай культуры і літаратуры, якія адкрыліся ў 1920-я гады перад беларускімі пісьменнікамі, прадстаўнікі старэйшага пакалення пачалі распрацоўваць свае даўнія творчыя заду мы. Іх яднала думка пра лёс Бацькаўшчыны. Трывогай за будучыню Беларусі жыве лірычны герой вершаў Я. Купалы. Трагічная дамінанта ў творах паэта то мацнее, то слабее ў залежнасці ад падзей на Радзіме. Паэт застаецца на сваім пасту духоўнага лідэра нацыі (вершы «Для Бацькаўшчыны», «Свайму народу», «Спадчына», «На сход!» і інш.).

Я. Колас у сваёй паэзіі гэтага часу заклікаў беларусаў да актыўнага сацыяльна-грамадскага жыцця. «Да працы!» — так называецца адзін з яго вершаў новага часу. Думкамі пра вольную працу на ўласнай зямлі жывуць героі яго паэтычнага эпасу «Новая зямля», якую Пясняр завяршыў у пачатку 1920-х гадоў. У трэцяй, апошняй, рэдакцыі паэмы «Сымон-музыка» новае ў поглядзе на будучыню беларусаў выявілася ў фінале твора, больш аптымістычным у параўнанні з першапачатковымі рэдакцыямі.

Літаратурныя аб’яднанні і іх роля ў гісторыі айчыннага пісьменства. Творчая ініцыятыва паступова пераходзіла да маладых пісьменнікаў, якія больш востра адчувалі новыя павевы і больш натуральна ўпісваліся ў іншы грамадска-палітычны кантэкст. У лістападзе 1923 года ўзнікла літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», якое ўвяло стыхійны літаратурны рух у арганізацыйныя рамкі. Яно неўзабаве стала масавым, налічваючы ў перыяд росквіту звыш 500 сваіх сяброў. Студыі, філіі (аддзяленні) існавалі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі: у Маскве, Ленінградзе, Смаленску, Вільні, Празе, Дзвінску. Старшынёй аб’яднання быў М. Чарот. Маладнякоўцамі ў розны час лічыліся К. Чорны, У. Дубоўка, К. Крапіва, М. Зарэцкі, М. Лынькоў, Я. Пушча, П. Трус, У. Хадыка, П. Броўка, П. Глебка, А. Куляшоў, Я. Скрыган, Р. Мурашка, П. Галавач, А. Бабарэка, А. Якімовіч, М. Лужанін і інш.

Пісьменнікі старэйшага пакалення, якіх у 1920-я гады называлі «нашаніўцамі» (большасць пачынала свой творчы шлях з публікацый у газеце «Наша ніва») альбо «адраджэнцамі», горача віталі маладую літаратурную змену, бачачы ў ёй шчаслівую будучыню Беларусі і яе культуры.

«Маладняк» лічыў сябе закліканым да стварэння новай, пралетарскай літаратуры. Касцяк аб’яднання складалі таленавітыя паэты і празаікі, якія пакінулі пасля сябе цікавыя мастацкія творы — сведчанне творчых пошукаў і эксперыментаў. Уплыў «Маладняка» адчувалі на сабе многія старэйшыя пісьменнікі, нават такія традыцыяналісты, як Я. Колас. Найбольшыя дасягненні мела маладнякоўская паэзія, якая паводле характару была рэвалюцый- на-рамантычнай і трымалася на пафасе адмаўлення «старога». Адсюль ішла недаацэнка класічнай спадчыны, што выявілася ў авангардысцкім закліку: «У рожкі са старымі». Пераважала захапленне псеўдарэвалюцыйнай фразеалогіяй, што ныяўлялася ў шырокім выкарыстанні палітычных лозунгаў і прапагандысцкіх штампаў, заўважалася пагоня за эфектным, часам экстравагантным, незвычайным словам, імкненне супрацьпастаўляць новы, дынамічны, эмацыянальна-ўзрушаны стыль нібыта састарэлай статыцы, «застыгласці нашаніўскіх твораў», — усё, што атрымала назву «бурапены» (жартоўны тэрмін, прыдуманы К. Чорным).

Паступова «Маладняк» ператварыўся ў культурна-асветніцкую арганізацыю, і найбольш таленавітыя прадстаўнікі «самабытна-беларускага кірунку — маладнякізму» адчулі розніцу паміж «агіткай» і мастацкай літаратурай. Адбыўся раскол, і група пісьменнікаў (К. Чорны, К. Крапіва, У. Дубоўка, Я. Пушча, А. Бабарэка) выйшла з «Маладняка», стварыўшы самастойную літаратурна-мас- тацкую суполку «Узвышша» (1926—1931). Першачарговай задачай узвышаўцы лічылі авалоданне культурай творчасці, засваенне класічнай спадчыны, напісанне твораў, якія «ўбачаць вякі і народы». Нягледзячы на пэўную прэтэнцыёзнасць сваіх праграмных установак, узвышаўцы ўсяго за некалькі гадоў змаглі напісаць нямала мастацкіх твораў, якія сталі нацыянальнай класікай. Адмовіўшыся ад павярхоўна-рамантычнага погляду на рэвалюцыю, узвышаўцы асэнсоўвалі яе ў сваіх творах найперш як духоўную з’яву, як вялікую працу мільёнаў людзей па паляпшэнні ўмоў свайго існавання і ачалавечванні ўласнай прыроды. У той час як іх нядаўнія калегі па пяры ўслаўлялі «планетарнае» мастацтва і «касмізм» паэтычнай фантазіі, гэтак наіўна ўяўляючы папулярную ў 1920-я гады ідэю «сусветнай рэвалюцыі», узвышаўцы ўсур’ёз задумваліся над тым, як стварыць нацыянальна-самабытную мастацкую літаратуру, якая б выказвала запаветныя памкненні і мары народа і дапамагала яму адшукаць сваё месца сярод іншых народаў свету. З часам «Узвышша» ператваралася ва ўсё больш адасобленае, элітарнае аб’яднанне пісьменнікаў падкрэслена эстэтычнай арыентацыі, што паслужыла празмерна палітызаванай, пераважна маладнякоўскай, крытыцы падставай для абвінавачванняў у адступленні ад «лініі партыі», у каставай адгароджанасці ад жыцця краіны, а пазней — і ў контррэвалюцыйнасці, варожасці да савецкай улады.

БелАПП (Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў), яшчэ адна літаратурна-мастацкая арганізацыя, утвораная ў 1928 годзе, працягвала лінію «Маладняка» па стварэнні «новай, пралетарскай літаратуры». У спецыяльнай заяве белапаўцы абвінавацілі ўзвышаўцаў у імкненні «супрацьпаставіць беларускую пісьменніцкую арганізацыю партыі». ЦК КП(б)Б падтрымаў прэтэнзіі белапаўцаў. У радах узвышаўцаў адбыўся раскол: «меншасць» (У. Дубоўка, Я. Пушча, А. Бабарэка, У. Жылка, Л. Калюга) настойвала на бескампраміснай пазіцыі, «большасць» (К. Крапіва, З. Бядуля, М. Лужанін, Т. Кляшторны) угаворвала сваіх сяброў па аб’яднанні «пакаяцца». 3 лютага 1930 года ў друку з’явілася «Пастанова аб прызнанні "Узвышшам" палітычных памылак», а летам таго ж года многія ўзвышаўцы былі арыштаваны і высланы за межы Беларусі, астатнія стараліся «перабудавацца». У канцы 1931 года «Узвышша» аб’явіла аб самароспуску. Разам з аб’яднаннем спыніў сваё існаванне і часопіс «Узвышша».

З 1927 па 1932 год дзейнічала літаб’яднанне «Полымя». У яго ўвайшлі пераважна пісьменнікі старэйшага і сярэдняга пакаленняў: Я. Купала, Я. Колас, У. Галубок, Ц. Гартны, М. Грамыка, М. Зарэцкі, А. Гурло і інш. Яны бачылі сваю задачу ў напісанні высокамастацкіх твораў. Сябры «Полымя» выступалі за памяркоўныя адносіны і творчае супрацоўніцтва з іншымі літаратурнымі арганізацыямі.

Літаратурныя арганізацыі «Узвышша» і «Полымя» спынілі сваю дзейнасць у сувязі з пастановай ЦК КП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР».

Літаратурнае жыццё ў канцы 1920-х і пачатку 1930-х гадоў прыкметна палітызавалася, што ўрэшце скончылася трагедыяй. У 1929 годзе ўладамі была прынята афіцыйная ўстаноўка на асуджэнне нацыянал-дэмакратызму, праявы якога цяпер бачылі ў абароне нацыянальнага пачатку ў мастацтве. Па надуманай справе «Саюза вызвалення Беларусь арыштоўвалі відных дзеячаў навукі, культуры, лі-таратуры, дапытвалі і высылалі за межы Беларусі. Сярод бязвінна асуджаных на высылку і творчую бяздзейнасць апынуліся каля 180 пісьменнікаў, вучоных, грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў, у тым ліку М. Гарэцкі, У. Дубоўка, Я. Пушча, В. Ластоўскі, Я. Лёсік і інш.

Літаратурнае жыццё ў 1930-я гады. Творчае жыццё, якое па сваёй прыродзе патрабуе свабоднага спаборніцтва і пошуку, у сярэдзіне 1930-х гадоў было значна паралізавана. У Савецкай краіне праводзіліся мерапрыемствы на збліжэнне нацыянальных культур: пачалася падрыхтоўка да Першага Усесаюзнага з’езда Саюза савецкіх пісьменнікаў, адна дэкада нацыянальнага мастацтва змяняла другую, у творчыя камандзіроўкі ў іншыя рэспублікі выязджалі цэлыя пісьменніцкія брыгады. Пасля пастановы 1932 года аб роспуску літаратурных згуртаванняў пачалося аб’яднанне і ў сферы мастацкай творчасці, якое завяршалася ў 1934 годзе стварэннем Саюза савецкіх пісьменнікаў (ССП СССР).

1930-я гады ўвайшлі ў гісторыю краіны як адзін з самых складаных і супярэчлівых перыядаў. Дзесяцігоддзе пачалося з закліку да ажыццяўлення ідэалагічнага лозунга будаваць сацыялізм па ўсім фронце. На практыцы гэта выклікала парушэнне нармальнага працэсу грамадскага развіцця, прыводзіла да разбурэння векавых маральна-этычных нормаў, якія выпрацоўваліся многімі пакаленнямі людзей. Пачаўся гвалтоўны наступ на рэлігію, барацьба супраць так званых прыватнаўласніцкіх звычак. Па ініцыятыве партыі ў краіне разгарнулася калектывізацыя, якая праводзілася прымусова, без уліку псіхалогіі селяніна.

Арганізацыя Саюза пісьменнікаў працякала ў напружанай маральна-палітычнай атмасферы, ва ўмовах згортвання беларусізацыі. Пачалася кампанія па барацьбе з нацыянал-дэмакратамі. З партыі былі выключаны М. Зарэцкі і Ц. Гартны, за межы рэспублікі высланы пісьменнікі Я. Лёсік, В. Ластоўскі, Я. Дыла, У. Дубоўка, Я. Пушча, А. Чарнышэвіч, М. Грамыка, М. Гарэцкі, М. Лужанін, Л. Калюга, С. Ліхадзіеўскі, М. Нікановіч. Маральнаму «цкаванню» падвяргаліся Я. Купала і Я. Колас, якіх прымусілі нават выступіць у друку з паклёпніцкім нагаворам на сябе.

Новая хваля масавых рэпрэсій супраць беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі пачалася ў другой палове 1930-х гадоў. На гэты раз ахвярамі сталі вядомы драматург і тэатральны дзеяч У. Галубок, былы кіраўнік «Маладняка» М. Чарот, цэлая пляяда празаікаў, паэтаў і крытыкаў: A. Вольны, Ю. Гаўрук, С. Грахоўскі, А. Дудар, С. Дарожны, B. Каваль, Т. Кляшторны, В. Маракоў, Б. Мікуліч, А. Зво-нак і іншыя.

У 1930-я гады патрэбна было мець выключную мужнасць і любоў да Бацькаўшчыны, каб працаваць на ніве нацыянальнай культуры. Такімі высакароднымі якасцямі валодалі многія беларускія пісьменнікі. Сацыялістычны рэалізм, які быў афіцыйна аб’яўлены асноўным метадам савецкай літаратуры і вымагаў паказваць жыццё «ў яго рэвалюцыйным развіцці», рэзка звужаў дыяпазон творчага пошуку, вымушаючы пісьменнікаў да паказу пераважна «сонечных» бакоў савецкай рэчаіснасці.

Тым не менш і ў гэтых неспрыяльных для свабоднай творчасці акалічнасцях беларускае слова жыло, праяўляючы сябе, свае мастацкія магчымасці ў лепшых творах Я. Купалы, Я. Коласа, К. Чорнага, К. Крапівы, М. Лынькова, М. Зарэцкага, П. Галавача, У. Хадыкі, А. Куляшова, П. Броўкі, П. Глебкі, Р. Мурашкі, А. Астрэйкі, М. Лужаніна. На працягу другой паловы 1930-х гадоў у літаратуру прыйшлі маладыя таленты, сярод якіх П. Панчанка, А. Вялюгін, А. Бялевіч, А. Русецкі, М. Аўрамчык, А. Бачыла, Р. Няхай, А. Салавей, М. Лупсякоў, I. Грамовіч, У. Краўчанка, М. Сурначоў, А. Ушакоў і інш. Выхаваныя ўжо ва ўмовах савецкай рэчаіснасці, гэтыя пісьменнікі любілі свабодную творчасць у роднай мове, шчыра верылі ў паляпшэнне жыцця, а таму іх прыход у літаратуру выклікаў надзею на лепшую будучыню.

Літаратура Заходняй Беларусі. У выніку польска-савецкай вайны 1919—1920 гадоў Беларусь была падзелена на дзве часткі. Яе заходнія землі адышлі да Польшчы, што было пацверджана Рыжскім мірным дагаворам. Польскія ўлады ставілі сваёй мэтай апалячыць насельніцтва краю, выкараніць яго нацыянальную свядомасць. У дзяржаўных установах забаранялася карыстацца беларускай мовай. Закрываліся раней адкрытыя беларускія школы. Не было нацыянальных тэатраў. Створаныя пасля рэвалюцыі нешматлікія клубы, бібліятэкі, хаты-чытальні закрываліся.

Сацыяльны і нацыянальны ўціск выклікаў у народа пратэст і супраціўленне, якое перарасло ў масавы рэвалюцыйны рух. На яго хвалі ўзніклі палітычныя арганізацыі, якія накіроўвалі рэвалюцыйнае змаганне працоўных. Вялікі ўплыў на масы аказвалі Камуністычная партыя Заходняй Беларусі і легальныя рэвалюцыйна-дэмакратычныя арганізацыі Беларуская сялянска-дэмакратычная грамада, Таварыства беларускай школы і інш.

З пачатку 1920-х гадоў на хвалі рэвалюцыйна-вызваленчага руху пачала зараджацца заходнебеларуская літаратура. Яна з’явілася натуральным працягам адзінай нацыянальнай літаратуры, але вымушана была развівацца ў спецыфічных умовах. На тэрыторыі Заходняй Беларусі аказаліся многія пісьменнікі старэйшага пакалення (Ядвігін Ш., К. Сваяк, Г. Леўчык, Стары Улас, А. Навіна, М. Гарэцкі), якія па меры сваіх магчымасцей прадаўжалі творчую працу.

Ва ўмовах ажыўлення нацыянальна-вызваленчага руху ў літаратуру прыйшло шмат пісьменнікаў, якія сталі выразнікамі пачуццяў і дум спакутаванага народа. Да іх ліку адносяцца У. Жылка, Л. Родзевіч, М. Васілёк, А. Салагуб, М. Засім, М. Машара, П. Пестрак, М. Танк, В. Таўлай.

У жанравых адносінах заходнебеларуская літаратура развівалася нераўнамерна. Яе набыткі звязаны з паэзіяй, для якой была характэрна жанравая разнастайнасць.

Рэвалюцыйным пафасам была прасякнута паэзія А. Салагуба, П. Пестрака, В. Таўлая, М. Засіма. У цэнтры іх вершаў — вобраз рэвалюцыянера. У П. Пестрака — гэта бунтар з дэманічнай душой, у А. Салагуба — сялянскі сын, рамантычна настроены на пошукі праўды, у В. Таўлая — падлетак, які праходзіць праз допыты, суды, камеры панскіх турмаў.

Уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі, якое адбылося ў верасні 1939 года, успрымалася беларускімі пісьменнікамі станоўча. Саюз пісьменнікаў БССР папоўніўся за кошт таленавітых майстроў слова, такіх як М. Танк, В. Таўлай, М. Васілёк, П. Пестрак, М. Машара, А. Іверс, М. Засім, С. Новік-Пяюн і інш. «Паэзіяй змагання» (У. Калеснік) за ўз’яднанне беларусаў у адной дзяржаве, за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, за родную мову і беларускую школу невыпадкова называлі заходнебеларускую паэзію давераснёўскага перыяду.

 

ПЫТАННІ I ЗАДАННІ

Информация о работе Белорусская литература