Биография Зарэцкі Міхась (Зарэцки Михась, Зарэцкий Михаил)

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 05 Июня 2013 в 00:48, реферат

Краткое описание

Дзяцінства прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам. У 10 год аддадзены ў Аршанскую духоўную навучальню, а затым - у Магілеўскую духоўную семінарыю, якую пакінуў, калі пачалася рэвалюцыя. Працаваў перапісчыкам у паўвайсковай часці. З лютага 1919 г. настаўнічаў на Магілеўшчыне, потым прызначаны загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы. У 1920-1926 гг. - палітработнік Чырвонай Арміі. Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», з 1927 г. - у аб'яднанне «Полымя». Да лістапада 1936 г. працаваў у АН БССР. 03.10.1936 г. арыштаваны. Прыгавор Ваеннай калегіі ад 28.10.1937 г. адменены Вярхоўным судом БССР 07.12.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Вложенные файлы: 1 файл

Вялікая проза Міхася Зарэцкага.docx

— 98.89 Кб (Скачать файл)

- Не.

- А, дык гэта праз суд трэба.  Напісаць заяву, ну й грошай  ладнага заплаціць. Але гэта  глупства... Калі не хопіць - выручым... Заяву ведаеш, як напісаць?.. Не?.. Сядай, пішы, я прадыктую...

Даніла  стаў пісаць. Як скончыў, зараз жа йсці нарыхтаваўся. Хоць і некуды было, хоць і не хацелася нікуды йсці, але ў Змітровіча таксама не хацеў заставацца.

Змітровіч затрымліваў.

- Пастой, куды ты... Пасядзі троху,  зараз гарбату згатуем, нап'ёмся  па-халасцяцку.

- Не, трэба яшчэ ў адно месца  зайсціся. Некалі...

Ён  развітаўся і наладзіўся выходзіць, але ў гэты момант адчыніліся дзверы і ў пакой убегла Ганна.

- Андрэй! - яшчэ на парозе крыкнула  яна свежым, вясёлым голасам, і  гэта слова нажом разнула Данілу.

«Андрэй... не Змітровіч», - падумаў.

- А, Даніла, - заўважыла Ганна. - Здароў! А ты як сюды трапіў?.. Хлопцы! - звярнулася яна да абодвух. - На спектакль пойдзем! Чаго вы седзіцё тут, як тараканы ў запеччы?.. Пагода якая! Снегу ўжо - во пакуль... Мяккі, пульхны, як вата. Так і хочацца пакачацца... Ну, жывей! Даніла, чаго ўтупіўся? Марш!..

Даніла моўчкі глядзеў на яе, любаваўся. Было чагось сумна, маркотна.

Яны пайшлі разам. Як выйшлі з хаты, Ганна  з вясёлым смехам адбегла, схапіла  снегу ў жменю і шыбнула  ў Змітровіча. Той - у яе. І пачалі ў снежкі гуляць...

Даніла  йшоў у задуме. Зайздрасць гадзюкай у грудзёх шавалілася. Ён думаў:

«Жыццё  маладых любіць».

9

Праз  тыдзень быў суд. У гэты дзень  Даніла не пайшоў на работу. Хадзіў усё па горадзе. Без усякае мэты, так сабе, бо не мог заставацца на месцы. Рупіла ўсё, турбавала тое, што будзе сёння.

Раз-поразу ў суд заходзіў, хоць і знаў, што  толькі пад вечар яго справа разбірацца будзе.

Хадзіў  Даніла па вуліцах горада, утупіўшыся, і ўсё думаў. Думаў, што вось сёння кончыцца адно, а заўтра - другое. Заўтра ён будзе зусім вольны. Зусім, зусім як птушка... Не, не як птушка, як вецер, во гэты, што шугае па заўголлю, што круціць віхрам... Ён вольны і малады.

А заўтра і Даніла будзе такім. Тады - куды хоця, тады ўсе дарогі адкрыты. Тады жыццё пачнецца.

Заўтра, заўтра... Толькі хутчэй бы вось гэта кончылася. Гэта прыкрае, нялюбае... Людзі будуць глядзець, слухаць. Будуць шаптаць адзін  аднаму, будуць і ў вочы соллю  кідаць. Будуць смяяцца зларадасна. Эх, прыкра... Хутчэй бы мінулася гэта, кончылася пакута!

А тады - дзяцей у дзіцячы дом, няхай  там растуць, развіваюцца, да жыцця  новага гатуюцца. Выцягнуць толькі іх з багны. А сам... Вольная праца, вольны адпачынак... І Ганна. Яна будзе з ім, яна не кіне. Толькі хутчэй, хутчэй! Каб не спазніцца, каб не прамінула, не згінула шчасце...

І Даніла, сам таго не прыкмячаючы, ішоў усё шыбчэй і шыбчэй, быццам і сапраўды спяшыў за шчасцем. Схамянецца, азірнецца наўкола, на апранутыя ў зімовую бель вуліцы, быццам сам сабе задзівіцца, куды ён рупіцца так, - а потым ізноў углыбіцца ў думкі, ізноў пад уплывам іх шпаркага лёту ўсё падбаўляе і падбаўляе ходу.

Як  ужо ў паветры ледзь прыкметна  разлілося рэдзенькае валакно змроку, Даніла ізноў падходзіў к будынку  народнага суда.

У досыць раскошным пакоі было поўна  людзей. Як увайшоў Даніла, усе нацэліліся ў яго цікавым поглядам. Зашапталіся.

Адразу  ўцяміў Даніла, што сабраліся на яго паглядзець, яго цікавую справу паслухаць. Дасадна зрабілася і прыкра. Нахмурыўся, але смела, проста стаў усіх азіраць.

Шукаў вачмі Ганну - ці не прыйшла... Не, няма. Замест яе жонку ўбачыў. Сядзіць  у кутку, акружаная суседкамі. І з ёй яны... дзеці. Прытуліліся палахліва да маткі.

- Нашто прывяла! Нашто душы псаваць  дзіцячыя!..

І злосць на Арыну выбухнула ў Данілы.

Сеў у другім кутку на зэдлік, абапёрся аб сцяну, задумаўся. Прыемна ціхамірыла стрымленая аднамерная гутарка. Драмаць захацелася.

Але зараз усе ўзняліся. Выйшаў суд  з бакоўкі. Суддзя стаў чытаць прыгавор па папярэдняй справе. Няўважна слухаў Даніла дакучліва-нудныя словы...

...Украў... Паказанні сведак... Па стацці...

Лягчэй  стала, як кончыў. Паселі ўсе. І Даніла. Суддзя ўзяў з вялізнай кучы адзін сшытак і абвясціў важным, але нудным, змораным голасам:

- Слухаецца справа грамадзяніна  Данілы Кірылава Чаборскага па заяве яго аб развязанні браку з грамадзянкай...

Данілу скрозь зямлю праваліцца захацелася - гэтак было не па сабе. Усе паціхлі ў напружнай нерухомасці. Толькі моўчкі перабягалі вачмі з яго на Арыну і назад.

А потым вальней стала, як суддзя пачаў  дапытваць, як пайшло звычайным ладам.

На  запытанне суддзі, ці згодна на развод, Арына скрозь слёзы пачала жаліцца  на свой лёс, на тое, што чакае яе, на гаротную долю дзяцей... Суддзя перапыніў  яе:

- Аб гэтым потым...

І звярнуўся да Данілы:

- Якія вы маеце прэтэнзіі на  агульную вашу маёмасць і чым можаце забяспечыць жыццё вашых дзяцей?

Даніла ўстаў.

- Таварыш суддзя! Я нічога не  хачу і нічога не вымагаю.  Мне нічога не трэба. Няхай  ёй усё застаецца. Вось толькі дзеці... Дзяцей я хочу сабе ўзяць. Я прашу суд зрабіць гэта. Я маю на гэта пэўныя прычыны...

І ён пачаў гаварыць аб выхаванні дзяцей, аб тым, у якія абставіны трапяць яны, калі застануцца пры матцы, і г. д. Доўга і горача гаварыў. Арына колькі разоў памыкалася перапыніць яго, але суддзя яе сунімаў.

Як  скончыў Даніла, суддзя запытаў Арыну, ці згодна яна аддаць дзяцей. Тая  зноў палілася плоймай рэзкіх, слязлівых  слоў, перамешаных з жорсткай кляцьбой. Пра яе згоду і гутаркі не магло  быць. Ледзь уціхамірыў яе суддзя.

- У гэтай справе мы павінны  прыслухацца да голасу саміх  дзяцей. Іхная прыхільнасць вырашыць  спрэчку. Дзеці, вы да каго  хочаце пайсці: да таткі ці  да мамкі?

Глыбокая  ціша агарнула пакой. Усе погляды  абярнуліся туды, адкуль палахліва  глядзелі сумныя вочкі. Даніла ўзняўся, падаўся да іх. Голасам, поўным шчырае ласкі, пяшчоты, паклікаў:

- Дзетачкі! Сцёпка, Манечка! Пойдзем  ка мне!

Яны маўчалі, спалоханыя. Суддзя яшчэ раз  запытаў:

- Ну, ды к каму ж вы хочаце: к мамцы ці к бацьку?

- К мамцы, - праказалі ледзь чутна  і раптам абодва горка, жаласна  заплакалі.

Нервовы гоман прабег па пакоі. Даніла да суддзі рваўся:

- Таварыш суддзя! Дазвольце сказаць...

- Пачакайце! - перапыніў той. - Мы чулі  ўжо вашыя словы, і ўсё будзе  прынята пад увагу.

Яшчэ  колькі дробных запытанняў.

- Суд выходзіць на нараду...

Бурлівая  гаворка напоўніла пакой. Усе  напераспехі дзяліліся ўражаннямі, выказвалі свае думкі, загадвалі  на тое, які прыгавор будзе.

Даніла сеў на сваё месца, у куток. Нервова церабіў бараду, разважаў, што можа пастанавіць суд. Ён не думаў раней, што так абернецца справа. Ён быў перакананы, што дзеці з ім застануцца. А цяпер - усё перавярнулася. Толькі астатнія словы суддзі давалі надзею. Пэўна ж, і сапраўды суд прыме пад увагу яго словы, не дапусціць, каб дзеці загінулі ў багне беспрасветнага мадзення.

Доўга цягнулася нарада. Нецярплівасць усіх ахапіла. Але вось адчыніліся дзверы. Усе ўсталі, замярцвелі ў напружным чаканні. Толькі чутна было сударгавае хліпанне дзяцей...

- Імем Беларускай Сацыялістычнай  Савецкай Рэспублікі... - аднатонна-ўрачыста зычэў голас суддзі.

Даніла з нецярплівасцю прапускаў міма вушэй усе непатрэбныя словы, напружна ждаў, калі пра дзяцей... І вось - «...дзеці, як выказаўшыя відавочную прыхільнасць да маткі, астаюцца пры грам. Арыне Чаборскай. На іх пракорм і выхаванне гр. Даніла Чаборскі павінен кожны месяц выдаваць па пятнаццаць рублёў...»

І далей зноў непатрэбныя, нудныя словы. А тыя - важныя, прыкрыя - усё звінелі  ўвушшу ў Данілы, перапляталіся з акраўкамі думак.

Усё... Усё парвалася. Нават тыя кветкі, што прыраслі да цела, да сэрца. З каранём вырвалася старое...

І дужа балюча, цяжка было. Стаяў, аслупянелы, як і суд кончыўся, як і людзі  пачалі разыходзіцца. Потым паціху, як лунацік, выйшаў з пакоя. Не бачыў, што ўсе дарогу яму ўступаюць, што ўсе глядзяць на яго - хто з  гнеўнай усмешкай, хто з спачуваннем. Не чуў, як услед яму ляцелі не надта прыемныя словы...

10

Выйшаў  Даніла і стаў ля парога. Куды ісці? Куды прыхіліцца?

На  дварэ зіма спраўляла сваю першую буяную вечарынку. Вецер - злы, як шалёны сабака, - штурхаў, шкуматаў, абдаваў сцюдзёнымі хвалямі снегу. Па вуліцах - цемень, завея. Холадна, непрытульна.

І пацягнула Данілу туды, у цёплы, прытульны куточак, дзе жаркая ласка, дзе шэрыя вочкі... К Ганне пайшоў.

Пайшоў  шпарка, паспешна, з нейкай асалодай акунуўшыся ўсім сваім тулавам у жорсткія парыванні сустрэчнага ветру. Жадалася чагось вострага, балючага. І прыемна было адчуваць, як вецер сцёбае па твары жменямі шурпатага снегу.

Яшчэ  здалёк убачыў, згадаў ветлы агеньчык у Ганнінай кватэры. Стрымліваў сябе, каб не пабегчы ўгрунь, бо нешта ўсярэдзіне бушавала, штурхала наперад.

Вось  і дом. Узбег па старых, расхістаных  ганках, у цёмных, трухлявых сенцах намацаў знаёмыя дзверы.

У кухні абдало густой цеплю. Бліснула ў шчэлку святло з Ганнінага пакоя, і галасы пачуліся.

«Ёсць нехта», - падумаў Даніла.

Паморшчыўся ад дасады і з нейкай невыразнай трывогай адчыніў дзверы.

«Змітровіч!» - маланкай жыганула ў мазгах.

Сядзяць поплеч на ложку. Абодва з усмешкай глядзяць на яго. Твар у Ганны гарыць: вочы, апавітыя салодкай млявасцю, гараць глыбокім, страсным агнём. Сукрыстымі змейкамі звіслі на твар пакалмачаныя валасы.

Яшчэ  нічога не зразумеў Даніла, а ўжо  пачуў, што - канец, што ён тут непатрэбны. Стаяў у парозе і моўчкі з глыбокім жалем глядзеў на Ганулю. Быццам у астатні раз хацеў наглядзецца  на яе, пацешыцца яе хараством. Быццам разлучаўся з ёй назаўсёды...

Цяжка было, нутро балела. Быццам з сэрца  выціснуў нехта ўсе сокі, кроў выцягваў з жылаў. Здавалася, што валішся  ўвесь у бяздонную процьму, дзе  жудасна-пуста, дзе ані косачкі  свету, дзе страшна...

Змітровіч з Ганнай звярнуліся да яго, у адзін  голас спыталіся:

- Ну, як?

- Кончана.

- А дзеці?

- У яе засталіся.

- Ну! раскажы, як было...

Але Данілу не хацелася расказваць. Здавалася, што й тут простая цікавасць, як там, у тых чужых, далёкіх людзей, што на судзе.

- Ат! - нецярпліва махнуў рукой  і сеў на зэдлік - хмуры, пахілы.

Запанавала  напружна-прыкрая ціша. Даніла чуў, што на яго глядзяць, як на хворага, баяцца варушыць яго нутро. Але чуў таксама, што і Змітровіч і Ганна гатовы зрабіць цяпер для яго ўсё, што ён захоча. Бо хвораму заўсёды дагаджаюць.

Ён  хворы... Вядома - хворы. Гора - таксама хвароба. Калі нутро ўсё крышыцца, калі руйнуецца ўсё ўсярэдзіне - гэта цяжкая, апасная хвароба. А раз хворы - ён мае права на ўвагу. Ён можа папрасіць, патрабаваць, каб Змітровіч пайшоў, бо цяжка пры ім, бо хочацца з Ганнай застацца. З ёй напэўна лягчэй яму будзе. Мо яна яму зелля якога знойдзе - яна ж разумная, добрая... Любая яна, блізкая, дарагая...

І ён проста сказаў:

- Гануля, я хачу з табой адзін  на адзін застацца...

Змітровіч адразу ўзняўся.

- Я пайду.

Яны перакінуліся з Ганнай мнагазначным поглядам. Ганна выйшла разам з  ім - правесці яго. Даніла знаў, што яны  там зговар вядуць, як з ім абысціся.

«Няхай  сабе! Усё роўна...»

Ганна вярнулася, села з ім поплеч, але  не кратала яго. Не знала, пэўна, з  чаго пачаць, баялася, каб яшчэ горш не раскалупаць рану. Даніла чуў гэта. Каб не мучыць яе і сябе, пачаў першы:

- Значыць, Гануля, зроблена справа. Я цяпер вольны - разарваў путы...

Памаўчаў  трохі.

- А ведаеш, Ганна, нярадасна нешта... Можа, што дзеці... Шкада іх... Гэткія  любыя, мілыя...

- Гэта пакуль што, Даніла. А потым  абыдзецца. Галоўнае - напоўніць  жыццё, каб не было пустое... А то, вядома, цягнуць будзе да  старога, маркотна будзе і цяжка.

- Чым жа напоўніць? Гэта ж  - усё, я ж толькі гэтым і жыў... Дзетачкі... асабліва яны. Я гэтак люблю іх... Чым я здолею іх замяніць?..

Ён  задумаўся.

- Ведаеш, Ганна...

Ён  раптам узрушыўся, схапіў яе за руку.

- Я на цябе спадзяваўся, я  верыў у цябе, я думаў - ты  мне паможаш, ты падтрымаеш  мяне, ты заменіш мне страчанае...

Яна мякка ўсміхнулася.

- Даніла! Дык гэта ж неразумна... Якая ж карысць, якая выгада? Ты адны путы хацеў змяніць  на другія? Ты хацеў вырвацца  з багны сям'і, каб у другую трапіць?

- Ды не, Гануля, не так... З табой іначай. Ты ж не такая, ты разумееш... Ты сама жывеш поўным жыццём, у цябе гэткія інтарэсы, як у мяне. Я не так думаў, як ты гаворыш. Я марыў аб прыгожым, шырокім жыцці...

Колькі  хвілін абодва маўчалі. Потым ён пачаў  нізкім, сціснутым голасам у відавочным абуджэнні:

- Дык, Ганна... Значыць, не будзе  так? Ты не будзеш маёй... ну, не жонкай... прыяцелькай, сябрам, але зусім, каб усягды, каб жыць  разам, разам працаваць...

- Мы будзем, як і раней, прыяцелямі. Будзем памагаць адзін аднаму...

- Не, не тое... не так... Ты разумееш мяне, Ганулька, толькі не хочаш прызнацца... Ну, скажы проста, канчаткова: не будзе так, як я кажу?

- Не, не будзе.

- Чаму?

- Я сама люблю волю... Я знаю, што дрэнна так будзе...

- Ізноў ты не тое гаворыш. Ты не хочаш сказаць... Ганулька, я ж сам бачу, я ж разумею. І чаму ты не хочаш мне шчыра сказаць усё як ёсць... Ты... Змітровіча любіш...

- Ну, няхай сабе й так... Я люблю  яго... моцна люблю, бо ён прыгожы, разумны, ён... падабаецца мне...

Даніла моўчкі ўзняўся.

- Ладна. Я пайду, Ганулька!

У яе вачах бліснула трывога.

- Куды ты, Даніла? Чаго табе па  начы бадзяцца... Ты ў мяне пераначуй.

Ён  заўважыў яе трывогу. Усміхнуўся.

- Ты не бойся, Гануля. Я ж помню  твае словы: тут дрэнна, дык  там добра; тут пуста, дык  там поўна... Дабранач!..

Ён  выйшаў на вуліцу. Цемень, вецер, завея. Відаць, на ўсю ноч зіма разгулялася.

У канцы вуліцы бялясай міргаючай  плямай ліхтар свеціцца. Даніла проста на яго падаўся. Ён знаў, што гэты ліхтар якраз проці Янкеля. Знаў таксама, што ў Янкеля двор заезджы, што там можна пасядзець, пагрэцца...

Вось  толькі спяць, можа? Не, яшчэ свецяцца вокны. Даніла паляпаў. Адчыніў Янкель, пазнаў яго і ветла запрасіў у хату. Там не было нікога, толькі на лаўцы спаў нейкі падарожны. Даніла сеў за стол, паклаў галаву на далоні. Слухаў, як ные, ссе штось усярэдзіне. Думаць не думаў, бо ў галаве было пуста, нібы павымецена ўсё. Толькі слухаў, як садніла сэрца...

Информация о работе Биография Зарэцкі Міхась (Зарэцки Михась, Зарэцкий Михаил)