Белорусская детская драматургия: художественная проблема характер

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 02 Мая 2014 в 18:45, автореферат

Краткое описание

Мэта і задачы даследавання. Мэтай дысертацыйнага даследавання з’яўляецца стварэнне цэласна-сістэмнай канцэпцыі развіцця беларускай дзіцячай драматургіі ад вытокаў да нашых дзён праз раскрыццё праблемы характару. У сувязі з гэтым павінны быць вырашаны наступныя задачы:
- абазначыць асноўныя тэндэнцыі ў развіцці беларускай драматургіі для дзяцей, даць ім навуковае абгрунтаванне;
- выявіць сацыяльныя і мастацкія ўплывы на ўвасабленне герояў у беларускай дзіцячай драматургіі;
- прааналізаваць эстэтычныя і этычныя аспекты мастацкіх вобразаў дзіцячых п’ес;
- раскрыць своеасаблівасці мастацкіх характараў у творах дзіцячай драматургіі розных перыядаў;
- прасачыць дыялектыку ўзаемадачыненняў традыцый і наватарства ў развіцці мастацкіх характараў беларускіх п’ес для дзяцей.

Содержание

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ
АСНОЎНЫ ЗМЕСТ ДЫСЕРТАЦЫІ
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Асноўныя навуковыя вынікі дысертацыі
СПІС ПУБЛІКАЦЫЙ ПА ТЭМЕ ДЫСЕРТАЦЫІ
РЭЗЮМЕ

Вложенные файлы: 1 файл

autaref Trafimchyk 08 09.doc

— 205.00 Кб (Скачать файл)

Тыповыя вобразы чытач сустракае ў драматычнай паэме-казцы “За лясамі дрымучымі” А. Вольскага і П. Макаля, п’есе-казцы М. Алтухова “Сярэбраная табакерка”, камедыі-лубку “Новыя прыгоды Несцеркі” Г. Марчука. Адной з лепшых п’ес таго часу як па мастацкіх, так і ідэйных вартасцях бачыцца “сучасная казка” М. Алтухова “Цвёрды арэшак”, якая ў пэўным сэнсе можа лічыцца наватарскай. Традыцыйна тэорыя літаратуры разглядае канфлікт як сутыкненне супярэчлівых характараў. Аднак М. Алтухоў у сваёй п’есе выбудаваў такую сюжэтную структуру, якая дазволіла не праводзіць катэгарычнага падзелу персанажаў на станоўчых і адмоўных. Ён паставіў іх у сітуацыю, калі дыялектычную ролю полюса зла гралі акалічнасці. Каб атрымаць перамогу над імі, героям спатрэбілася выявіць напоўніцу свае чалавечыя якасці.

Іншыя аўтары (П. Макаль, А. Вярцінскі, У. Ягоўдзік) пры ўвасабленні вобразаў герояў не спыняюцца на выкарыстанні толькі фальклорных фарбаў. Так, у П. Макаля (“Дай вады, калодзеж!”) характары людзей хоць і з’яўляюцца традыцыйнымі і нават у нечым шаблоннымі, але анімістычнае ўвасабленне сілаў прыроды дапамагло аўтару быць і арыгінальным, і пераканаўчым. А. Вярцінскі ў п’есе “Гефест – друг Праметэя” вывеў яркія характары на матэрыяле антычнай міфалогіі.

Казачныя п’есы беларускіх аўтараў таго часу знаходзіліся ў канцэптуальнай залежнасці ад фальклору. Такая цесная карэляцыя адбілася як на ўвасабленні характараў, так і вырашэнні сюжэтных канфліктаў.

Другім падраздзелам “Рэалістычная дзіцячая драматургія пасляваеннага перыяду: героі і іх псіхалогія” рэпрэзентуецца пасляваеннае станаўленне дзіцячай п’есы вялікай формы. Яно ў многім звязана са зваротам да тэмы нядаўняй вайны. Адлюстраванне ваенных перыпетый у творах было разнастайным: ад рэальнага паказу трагічных падзей да падфарбаваных прымітыўнай героікай твораў. У выяўленні характараў таксама назіраецца супярэчлівасць тэндэнцый. З аднаго боку, нярэдка перабольшваецца героіка юных персанажаў, адбываецца гіпербалізацыя іх патэнцыйных магчымасцей, на фоне чаго антаганісты выглядаюць нязграбнымі недарэкамі, якіх нельга не перамагчы. З іншага ж – узрастае ўвага да тыповага чалавека і яго псіхалогіі. Часам абедзве тэндэнцыі парадаксальна спалучаліся ў вобразах аднаго твора (“Юныя мсціўцы” А. Гутковіча і У. Хазанскага, “Марат Казей” В. Зуба, “Дзеці аднаго дома” І. Шамякіна, “Шпачок” А. Махнача і інш.).

Уменне дасягаць псіхалагічнай праўды ў дзіцячых п’есах на тэму вайны, якім авалодалі беларускія драматургі, часам не ўберагала творы ад пэўнага схематызму ў канструяванні ментальна-эмацыянальнага зместу вобразаў. Такое здаралася тады, калі пісьменнікі засяроджваліся пераважна на драматычна-трагічных калізіях ваеннага кантэксту, а не на супярэчнасцях характараў. Тым не менш, нягледзячы на пэўныя недахопы, аўтары (перадусім А. Петрашкевіч “У спадчыну – жыццё”) змаглі стварыць атмасферу, прасякнутую гуманістычным, антываенным пафасам.

Праз прызму апошняй вайны пісьменнікі спрабавалі паказаць сапраўдную важкасць маральных каштоўнасцей, за якія змагаліся бацькі і дзяды і якія ігнаруюцца іншы раз новай генерацыяй беларусаў. У драме І. Шамякіна “Экзамен на восень” былая партызанка Ульяна Паўлаўна сваім жыццём, прасякнутым простым, без квазіфіласофскіх разважанняў пафасам, стварае вакол сябе аўру чалавекалюбства і гуманізму. Тамаш, яе сын, знаходзячыся на парозе дарослага жыцця, расчароўваецца ў гэтым свеце, бачачы толькі адзін яго бок – бок хцівасці, прагматызму, якім кіруюцца многія. Драматызм абвастраецца тым фактам, што сыны Ульяны Паўлаўны – прыёмныя. Фармальна ад сур’ёзных памылак Тамаша выратоўвае брат Радзіён, які адкрывае яму вочы на жыццёвую амбівалентнасць, на той факт, што практычна сям’я, грамадства і гэты свет трымаецца на такіх асобах, як Ульяна Паўлаўна.

У п’есах, дзе гучыць рэха вайны, асноўны акцэнт робіцца на пераемнасці пакаленнямі каштоўнасцей, якія папярэднікамі былі абаронены ў гады выпрабаванняў. Аднак мастацкая рэалізацыя ідэй некаторых твораў грашыць дэкаратыўнай сентэнцыйнасцю: пэўныя вобразы ў аўтарскай інтэрпрэтацыі нібы спаборнічаюць у выяўленні правільнасці, прыкладнасці, характары не атрымліваюць паўнавартаснай абмалёўкі. Да таго ж шкодзіць сюжэтная падагнанасць пад жаданы вынік, калі дзеянні персанажаў відавочна не могуць быць праўдападобнымі (напрыклад, лясныя перыпетыі Максіма і Янкі ў п’есе А. Махнача “І засталася каса ў пракосе”).

У цэнтр увагі многіх п’ес ставіцца праблема выбару і сэнсу чалавечага існавання (“Залаты медаль” І. Шамякіна, “Сіні снег” Я. Шабана, “Калі вяртаюцца буслы” В. Лукшы). Перад маладымі героямі паўстае выпрабаванне, жыццёвы экзамен “на сталасць, на чалавечую годнасць”. Найбольш экстрэмальныя варункі такога выпрабавання створаны А. Дударавым (“Выбар”), галоўны герой якога вымушаны рабіць выбар не паміж класічным чорным і белым, а паміж кепскім і горшым, раскрываючы сутнасць экзістэнцыі, сэнс свайго існавання. Аўтары згаданых п’ес на прыкладзе лёсаў герояў паказваюць некаторыя мадэлі чалавечых узаемаадносін, падказваюць юнакам і дзяўчатам шляхі ў выбары жыццёвых арыенціраў.

Хоць па-сапраўднаму ўдалых – і ў сэнсе сюжэтнага развіцця, і сэнсе стварэння паўнакроўных характараў – рэалістычных п’ес у той перыяд з’явілася няшмат, але галоўная іх заслуга ў тым, што яны адыгралі прынцыпова значную ролю ў працэсе гуманізацыі літаратуры для дзяцей, прыкметна пацяснілі на другі план ідэалагічную рэгламентацыю.

Трэцім падраздзелам “Аднаактавая п’еса ў 1950 – 1980-я гг.: выхаваўчы патэнцыял характараў і канфліктаў” ахопліваецца малая драматургічная форма, якая ў той перыяд паўстае як з’ява цэласная і самастойная.

Сюжэт аднаактавых п’ес часта грунтуецца на паказе імкненняў некаторай катэгорыі школьнікаў палегчыць сабе навучанне або зусім яго пазбегнуць падманным шляхам, што, як правіла, заканчваецца камічна для ўсіх, акрамя саміх штукароў (“Хвароба Грышы Карыткі” І. Вярыгі, “Праведалі” Х. Мальцінскага, “Аперацыя “Шафа” і “Не на тым коніку” В. Зуба). Аднак пабудова канфлікту з прымяненнем досціпаў і гумару ў большасці сваёй не набывае сатырычнай сілы, нібы аўтары баяліся ёю абцяжарваць жартоўныя п’есы для дзяцей. Тыповасць некаторых адмоўных рыс характараў школьнікаў, якія драматургі маглі падгледзець у рэчаіснасці, калі і атрымлівала адэкватнае ўвасабленне ў мастацкіх вобразах (балазе іх лёгкая пазнавальнасць не патрабавала складаных выяўленчых сродкаў і прыёмаў), дык часта не знаходзіла ў многіх такога развіцця, каб і жыццёвая верагоднасць захавалася, і канфлікт быў вырашаны без мастацкіх страт.

Як правіла, сацыяльныя праблемы ў аднаактоўках вырашаюцца ў строга рэалістычнай манеры, а пошукі новых сродкаў увасаблення характараў і іх узаемадачыненняў вяліся асцярожна. А дарэмна. Як даказаў В. Зуб сваёй п’есай “Не прапусцім”, зварот, напрыклад, да антрапамарфічнай метафорыкі негатыўных з’яў і сутыкнення іх з рэальнымі школьнікамі, з якімі іх пагодкі-рэцыпіенты могуць атаясамліваць сябе, стаў крыніцай для разгортвання дынамічных калізій.

Вельмі складаныя маральна-этычныя праблемы вырашаюцца ў п’есах “Два капітаны”, “Квяцісты паркаль” М. Алтухова, “Гронка вінаграду” Х. Мальцінскага і Р. Рэлеса, “Выкруціўся” М. Скрыпкі і інш. Праўда, драматургі часам дапускаюць перабор лабавой сентэнцыйнасці. У большасці выпадкаў героі п’ес, “шукальнікі” лягчэйшай долі за кошт сваіх таварышаў, аўтарамі падводзяцца да духоўнай эвалюцыі, вынікам якой становіцца разуменне сваіх памылак, пакуты сумлення і перавыхаванне. Тэма працоўнага выхавання часта вырашалася спрошчана, плакатна, з дэманстратыўнай павучальнасцю. Характары ў такіх творах, іх дзеянні не выклікаюць асаблівага інтарэсу (напрыклад, п’есы “Ля птушніка” Х. Мальцінскага і Р. Рэлеса, “Ля вогнішча” А. Махнача, “Першыя крокі самастойнасці” М. Скрыпкі).

Шмат аднаактовак у сілу сваёй сацыяльнай заангажаванасці падпала пад уплыў “тэорыі бесканфліктнасці” і ідэалагічнай рэгламентацыі (п’есы “Сіла ў калектыве” П. Рунца, “Пецева сіла” А. Махнача, “ЧВА” В. Зуба, “Першая пяцёрка” Х. Мальцінскага). Мастацкі свет гэтых п’ес выглядае прымітыўна. Замест рэальных жыццёвых супярэчнасцей аўтары дэманстравалі ўсеагульную сентыментальную псеўдагармонію і ідэальных герояў. Парушаліся не толькі каноны аднаактоўкі, якія прадпісваюць ёй вастрыню сюжэту, дынамізм дзеяння, але і патрабаванні да дзіцячай кнігі ў цэлым.

Праблематыка аднаактовак рэдка калі выходзіць за “выхаваўчае” кола. Многія аўтары не змаглі пераадолець адкрытага дыдактызму і схематычнай спрошчанасці, што шкодзіла творам у мастацка-эстэтычным плане: дзеянне атрымлівалася вялым, а характары малакроўнымі. Тым не менш аднаактавая драматургія для дзяцей, якасна няроўная ў вырашэнні праблемы канфлікту і характару, заняла важнае месца ў кантэксце літаратурнага працэсу на Беларусі.

У трэцім раздзеле “Беларуская дзіцячая драматургія на сучасным этапе: традыцыі і наватарства” даследуецца развіццё дзіцячай драматургіі за апошнія два дзесяткі гадоў. Падзяляецца ён на два падраздзелы, прычым другі складаецца з дзвюх частак.

Першы падраздзел “Праблема рэалістычнага характару ў беларускіх п’есах для дзяцей на тэмы мінулага і сучаснага жыцця” прысвечаны разгляду п’ес з рэалістычнай паэтыкай.

Праблемы сучасных рэалій спрабуюць вырашыць у п’есах для падрастаючага пакалення не так шмат драматургаў (А. Саскавец, Г. Марчук, А. Федарэнка). З. Дудзюк уздымае найбольш далікатную тэму – стасункаў паміж хлопцам і дзяўчынай (“Люба ў шлюбе”). Узаемадачыненні характараў аўтарка пабудавала псіхалагічна выверана, такім чынам, што канфлікт меў шчаслівую развязку, да якой канструктыўна спрычыніліся бацькі. У іншай канфігурацыі ўзаемаадносін, якую прапанавала З. Дудзюк у трагікамедыі “Бамбавозы”, сюжэтныя калізіі вырашаюцца адрозна, па-свойму.

Тэматычная складанасць і важкасць сучаснай п’есы для дзяцей, глыбіня і супярэчлівасць яе характараў часта не саступае “дарослай” драматургіі. Да таго ж разам са сталеннем кожнай новай генерацыі адбываецца не проста пашырэнне тэматычнай парадыгмы драматургіі, а і пэўная трансфармацыя мастацкага выяўлення жыццёвай праўды. Літаратура, першапачаткова адрасаваная дарослым, у многім даўно ўжо стала фактам чытацкага жыцця маладога пакалення. Асаблівая тэндэнцыя акрэслілася на сучасным этапе з п’есамі на гістарычную тэматыку, якія стала заваявалі месца ў школьнай праграме (І. Чыгрынава “Звон – не малітва”, Р. Баравіковай “Барабара Радзівіл”, А. Петрашкевіча “Прарок для Айчыны”, У. Бутрамеева “Страсці па Аўдзею” і інш.). У іх паўстаюць непаўторныя і разам з тым праўдзівыя, жывыя вобразы, у існаванне якіх хочацца верыць. П’есы збліжае ўменне драматургаў улавіць асаблівасці мінулых эпох, драматызм і складанасць якіх перадаюцца аўтарамі праз душэўныя рэакцыі адпаведных мастацкіх характараў. Законы рэалізму не спрыяюць ідэалізацыі мастацкіх вобразаў. Таму і ў п’есах, асабліва якія прызначаны для вывучэння ў школе, прадстаўлены характары, тоесныя сутнасці жывога чалавека з яго дабрачыннасцю і выдаткамі.

У першай частцы другога падраздзела “Канфлікты і характары ў казачных творах сучаснай беларускай драматургіі” рэпрэзентуецца “Драматургічнае асэнсаванне фальклорных і літаратурна-мастацкіх вобразаў і сюжэтаў”.

Асваенне мастацкіх вобразаў у творах драматургічнай формы адбываецца рознымі шляхамі. Згодна з агульнай тэндэнцыяй, вобразы ў інсцэніроўках, як правіла, вядомых фальклорных ці аўтарскіх твораў маюць большую схільнасць да падабенства са сваімі аўтэнтыкамі (п’есы “Сава і Дзяцел” Т. Жураўлёвай, “Дарункі добрых духаў” Г. Каржанеўскай, “Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык” Л. Ламекі). Аднак, як бачна па некаторых іншых (“Дзедава дачка і бабіна дачка” В. Жуковіча), інсцэніроўкі хоць і захоўваюць канву твораў, па якіх яны створаны, але ў той жа час не заўсёды капіруюць іх. Больш таго, досвед паказвае, што крэатыўны падыход ідзе толькі на карысць такому драматургічнаму асэнсаванню прозы, вобразы якой у выпадку просталінейнага капіравання могуць пацярпець у эстэтычным плане. Драматургія патрабуе акрэслівання характараў адметнымі сродкамі, без якіх не абысціся і ў інсцэніроўцы, інакш не адбудзецца паўнавартаснай перадачы канфлікту.

Стварэнне п’ес па матывах народных казак прадвызначае, з аднаго боку, тыповасць канфліктаў і архетыповасць характараў, а з боку іншага – дае свабоду творчага выяўлення ў развіцці калізій і стварэнні вобразаў (“Прыгоды Міхея і Марціна” У. Граўцова, “Дзе Цярэшка ды Тамаш, там поўны кірмаш…” Л. Лямезы, “Хведар Набілкін – беларускі касінер” П. Васючэнкі і інш.). Адна з такіх характэрных казак – “Дудка-самагудка” З. Дудзюк. Зло ў творы ўвасабляюць сваявольны, дэспатычны Пан і хцівы Разбойнік. Ім супрацьстаіць кемлівы, мужны і добры Кастусь з тыпажом народнага героя-збаўцы. Эпізадычная, але канцэптуальная роля адведзена міфалагічнаму Белуну – лясному дзядку, які дорыць герою чароўны сродак для сацыяльнага збавення – дудку-самагудку, а таксама – амбівалентнаму з-за свайго прагматызму селяніну Кандрату. Дзеючыя персанажы ў сваіх агульных рысах нібыта знаёмыя чытачу. Аднак З. Дудзюк надае ім і дудцы як мастацкаму канцэпту элементы індывідуалізацыі: Бялун неўзабаве паўстае глыбакадумным філосафам, Разбойнік, у якога не атрымалася завалодаць светам, ператвараецца ў Падпанка, а дудка паклікана служыць толькі добрым справам, інакш яе гаспадара чакае пакаранне.

Розная ступень арыгінальнасці праяўляецца ў п’есах, створаных паводле аўтарскіх твораў (“Заяц варыць піва”, “Чарнакніжнік” С. Кавалёва, “Чортаў скарб” А. Вольскага, “Юнак і Вядзьмар” І. Сідарука і інш.). Пры захаванні сутнасці канфлікту (звычайна гэта антаганізм паміж сіламі Зла і Дабра) характары, перавандраваўшы ў іншы род літаратуры, паводзяць сябе кожны па-рознаму: некаторыя захоўваюць тоеснасць сваім прататыпам, некаторыя ж паўстаюць зусім у іншым абліччы.

Информация о работе Белорусская детская драматургия: художественная проблема характер