Чарнобыльская трагедыя ў прозе І. Шамякіна

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 28 Мая 2013 в 09:35, реферат

Краткое описание

Адным з першых у 1990-х гг. на гэту балючую тэму адгукнуўся I. Шамякін сваім раманам «Злая зорка» i аповесцю «Зона павышанай радыяцыі».
Ужо больш за дваццаць год прайшло з 26 красавіка 1986 года, калі адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, і ўсё ж праблема Чарнобыля, радыяцыі да гэтай пары з’яўляецца актуальнай. Чарнобыльская трагедыя змяніла светапогляд, прымусіла чалавека перагледзець сістэму каштоўнасцей. Пасля чарнобыльскай катастрофы зусім іншыя рысы набылі духоўная і сацыяльная культура нашага грамадства.

Содержание

Уводзіны 3
Раздзел 1 Асэнсаванне чарнобыльскай трагедыі ў рамане Івана Шамякіна “Злая зорка” 5
1.1 Паказ трагедыі праз лёс сям’і 5
1.2 Вобразы партыйных кіраўнікоў у рамане 7
1.3 Сімволіка рамана. Сэнс назвы 8
Раздзел 2 Аповесць Івана Шамякіна “Зона павышанай радыяцыі” 11
Заключэнне 14
Бібліяграфічны спіс 17

Вложенные файлы: 1 файл

Charnobylskaya_tragedyya_w_proze_I_Shamyakina_90-kh.docx

— 58.80 Кб (Скачать файл)

Метафарычная  назва рамана – Злая зорка – носьбіт сімвалічнага сэнсу, што мае карані народнай вуснапаэтынай творчасці і Бібліі.

Радкі з народных твораў ва ўмовах чарнобыльскага жаху набылі якасна новае сэнсавае напаўненне. “Ой, палын мой, палыночак, / Палын – горкая трава, / Гарчэй цябе, палыночак, / Ва ўсім полі няма”. Палын – трава, што асацыіруецца з горыччу-скрухай. Мастак суадносіць вобраз гэтай беларускай расліны з нябеснай прарочай зоркай Палын – у такім нязвычным прасторава-часавым сувымярэнні адкрываецца праўда пра трагічна-крыжовы лёс Беларусі, а Чарнобыль (па-ўкраінску палын – і ёсць чарнабыл) у астранамічным, глабальным ракурсе паўстае сімвалам невядомай, непрадказальнай будучыні.

I. Шамякін як пісьменнік-гуманіст пратэстуе супраць сляпога тэхнічнага прагрэсу ў ядзерна-атамны век, антычалавечых эксперыментаў над народам, на якія яго асудзілі гора-вучоныя i бяздумныя кіраўнікі. Ён заглыбляецца ў трагедыйныя адчуванні чалавека, каб раскрыць усю тую бяду, якую прынёс выбух на атамнай электрастанцыі. Раман пісьменніка напоўнены пранікнёным маральна-публіцыстычным пафасам, вялікай душэўнай трывогай за лёс жыцця. «Спыніся, чалавецтва!» – такі гуманістычны заклік гучыць у фінале «Злой зоркі». Заклік гэты вынікае з трагедыі асобнага чалавека i той ўсеагульнай бяды, якая запоўніла беларускую зямлю.

«Злая зорка» – першы беларускі раман аб Чарнобылі. Параўноўваючы яго з творамі, аўтары якіх аператыўна зрэагавалі на ўсеагульную бяду (возьмем хаця б раман украінскага пісьменніка У. Яварыўскага «Марыя з палыном у канцы стагоддзя»), Алесь Марціновіч адзначае, наколькі I. Шамякін больш аб'ектыўна i псіхалагічна заглыблена адлюстраваў падзеі, да якіх, думаецца, літаратура будзе звяртацца яшчэ неаднойчы. У тым ліку i беларуская [16].

 

2. Аповесць “Зона павышанай радыяцыі”

У аповесці «Зона павышанай радыяцыі» (1997) I. Шамякін працягвае распачатую раней у рамане «Злая зорка» тэму Чарнобыля. Але цяпер яго цікавяць ужо наступствы гэтай катастрофы. Тое, як сацыяльная трагедыя паступова ператварылася ў асабістую трагедыю чалавека.

Пазітыўных  канцэптуальных аўтарскіх вобразаў у шамякінскіх аповесцях пра сучаснасць досыць мала. “Мы страцілі герояў…” – кажа адзін з персанажаў аповесці “Крывінка” [1]. У аповесці “Зона павышанай радыяцыі” пісьменнік паказвае, як вайна ў Афганістане і аварыя на Чарнобыльскай АЭС сурова перайначылі і без таго нялёгкае жыццё Паўла Паўлавіча Вятрэнкі і яго жонкі Галіны Кузьмінічны. Ужо ў 1991 годзе, у рамане “Злая зорка” І. Шамякін адгукнуўся на гэтыя трагічныя падзеі. У аповесці ён працягвае асэнсоўваць сваю эпоху праз лёс канкрэтнага чалавека і сям’і. Твор быў напісаны пасля наведвання радзімы, і тая сустрэча пакінула ў душы і памяці балючы след. І. Шамякін згадвае: “У 1996 годзе я пакланіўся магілам, убачыў жахлівыя сляды радыяцыі: знесены пасёлак, разбуралася вялікая ваенная база – амерыканцы рэзалі снарады, ракеты. Вынікі паездкі – сюжэт сумнай аповесці з публіцыстычнай назвай “Зона павышанай радыяцыі”. Празаіка цікавіць найперш унутраны, псіхалагічна-эмацыянальны змест жыцця асобы ў цеснай суаднесенасці з часам і яго наступствамі.

У вобразе палкоўніка Паўла Паўлавіча Вятрэнкі створаны яскравы тып афіцэра: перад намі паўстае надзвычай кампетэнтны прафесіянал: вайсковец, які адданы арміі, службе, высокім маральным прынцыпам жыцця. Шамякінскі герой аповесці жыў не толькі па загадах, але і па абавязку сэрца. Ён нёс сваю службу так, як і належала сапраўднаму афіцэру – годна, сумленна, адказна. Вятрэнка добра ведае, што такое зона. І не толькі чарнобыльская, дзе яны жывуць разам з жонкай. Амаль усе гады сваёй афіцэрскай службы, за выключэннем вучобы ў ваенна-інжынернай акадэміі ў Маскве, ён, можна сказаць, быў адлучаны ад жыцця сучаснай цывілізацыі. Служыў на краі свету – на самым паўднёвым востраве Курыл, пасля заканчэння акадэміі трапіў на Кольскі паўвостраў, і нават тады, калі апынуўся ў роднай Беларусі, на поўдні Гомельшчыны, то аналагічная ракетная база была размешчана ў лесе.

Палкоўнік Вятрэнка, спецыяліст па хімічнай і  радыяцыйнай абароне, разумеў небяспеку чарнобыльскай радыяцыі для жыцця, таму і падняў, як кажуць, трывогу, паслаў лісты ў высокія інстанцыі: “…Але я так не мог. Я жыў сярод людзей, а людзі жылі ў зоне павышанай радыяцыі. Іх трэба ратаваць. А на іх забыліся. Ды што там нейкі пасёлак лясны, нейкі батальён. З’яўлялася адчуванне, што ўся вялікая краіна жыве ў зоне павышанай радыяцыі” [17]. Праз сваю сумленнасць і праўдашукальніцтва Вятрэнка быў датэрмінова звольнены ў запас. Герой аповесці гаворыць, што быў крытычна настроены супраць ваеннай і грамадскай бюракратыі, бяздушнасці, абыякавасці чыноўнікаў, асуджаў негатыў у арміі. Больш таго, ён прызнаецца: “Афганістан, смерць сына, Чарнобыль узбунтавалі мяне і, як кажуць, завялі на крутыя абароты” [17]. Аднак, нягледзячы на перажытую ўласную трагедыю і іншыя цяжкасці, Вятрэнка ўнутрана не мог прыняць крытыку і абвінавачванні, якія гучалі з тэлеэкранаў на адрас людзей у пагонах і той савецкай арміі, службе ў якой прысвяціў усё сваё жыццё. Сын Жэня пайшоў следам за бацькам, стаў прафесійным вайскоўцам – і загінуў у далёкіх афганскіх гарах: “Бой ішоў да паўдня. Маджахеды занялі камандную вышыню. Батальён капітана Вятрэнкі штурмаваў яе. Жэня падняў людзей у атаку, і яго скасіла аўтаматнай чаргой…” [17]. Такія ж афіцэры, як капітан Вятрэнка, і савецкія салдаты не мелі ніякага выбару, іх “пагналі ў Афганістан”. Малодшы Вятрэнка меў спачуванне да ворагаў і не быў бяздумным вінцікам у жахлівай ваеннай мясарубцы, у чым пераконвае яго шчырая размова з бацькам. Палкоўнік Вятрэнка зрабіў спробу ўратаваць адзінага сына: добраахвотнікам паехаў у Афган, каб быць блізка да Жэні.

Балючая памяць прыкавала сэрцы бацькоў да зоны, дзе пахаваны іх сын. Яны засталіся, нягледзячы на тое, што паўсюль распаўзлася “зараза гэтая”, але іх не палохае пошасць радыяцыі і смерць, бо адзінае іх жаданне – быць пахаванымі каля свайго Жэнечкі. Жыццё гэтых адзінотнікаў і пустэльнікаў набывае зусім іншы сэнс. Усвядомлены, па сваёй сутнасці экзістэнцыяльны, выбар ужо немаладых людзей, якія асудзілі самі сябе на пакуты і смерць у зоне, раскрывае не толькі асабістую трагедыю шамякінскіх герояў, але і агульнанародную бяду, катастрафічны лёс усёй Беларусі.

Можна падумаць, што шамякінскія героі страчваюць інстынкт самазахавання і адчуванне суровай чарнобыльскай рэальнасці. Аднак, як думаецца, іх найперш абпаліла радыяцыя, што прысутнічала “ва ўсім жыцці”, бо сацыяльна-маральны Чарнобыль быў не менш небяспечны для людзей, якія доўга жылі ў няпэўнасці, напружанні і ператварыліся ў вечных вандроўнікаў [2].

Яны не былі па-сапраўднаму свабоднымі, ахвяравалі сабой, як здавалася, дзеля чагосьці вышэйшага і значнага. Жыцці гэтых людзей скарыстала дзяржава і ўлада, змусіўшы да стаіцызму, існавання ва ўмовах пастаяннай ізаляцыі. А што яны ў выніку набылі? Праз шмат гадоў сям’я Вятрэнкаў урэшце займела родную “зямлю абетаваную”, аднак фактычна адзіная іх уласнасць – доўгачаканы ўласны дом і Жэнева магіла.

Чарнобыль паставіў людзей у складаныя абставіны, і на гэты раз яны маюць магчымасць выбару. Родны кут для іх даражэй  за ўсё на свеце, памяць пра сына – святое. Павел Паўлавіч Вятрэнка – “чалавек зоны”, у якога ёсць свая філасофія выжывання: “…Але менавіта таму, што я знаю многа, я не веру ў блізкую смерць. Так што дарэмна высяляльнікі ўсіх рангаў называюць нас самазабойцамі. Не, мы не самазабойцы! Мы тыя, хто лагічна працягвае сваё жыццё пад тым жа напружаннем, пад якім яно было бадай увесь час, у той жа “зоне”. Я напісаў у “м ё р т в а й з о н е” і выкрасліў слова мёртвай. Не, яна не мёртвая, гэтая зона. Але яна – з о н а” [17].

Твор  напісаны ад імя “я” героя, і гэтая яго споведзь нагадвае плынь свядомасці чалавека – чалавека трагічнага кшталту, які, паблукаўшы па “чарнобыльскім пекле”, прыходзіць да разумення жыцця як вялікай і непераходнай каштоўнасці [10]: “А цяпер раблюся аптымістам, цяпер загадваю сабе: трэба жыць!” [17].

 

 

Заключэнне

У цэнтр увагі І. Шамякіна не магла  не трапіць такая трагічная і  лёсавызначальная падзея, як Чарнобыль.

Раман «Злая зорка» (1991) – першае вялікае эпічнае палатно ў беларускай прозе, у якім адлюстраваны трагедыя Чарнобыля і яго наступствы. Пісьменнік усебакова асэнсаваў маральныя перадумовы вялікай бяды, з суровай праўдзівасцю паказаў дні цяжкіх выпрабаванняў і пакутаў беларусаў.

1) Трагедыя Чарнобыля ў рамане «Злая зорка» раскрыта на прыкладзе лёсаў сямей Пустаходаў i Пыльчанкаў.

Вяселле ў першыя паслячарнобыльскія дні, якое гуляюць абедзве сям'і, нагадвае свята ў час чумы. Адпаведны  эпіграф да рамана, абраны І. Шамякіным, цытата з Р. Дзяржавіна: “Где стол был яств, там гроб стоит”.

Першай  ахвярай чарнобыльскай навалы стала  жанчына – Ліза Пустаход. У калгасе, куды вымушаны былі перасяліцца Пустаходы, старшыня не даў жанчыне каня, давёў  яе да нервовага зрыву. Ахвяраю Чарнобыля  стаў Глеб Пыльчанка, які на атамнай  станцыі атрымаў моцную дозу радыяцыі. Ягоны бацька Уладзімір ГІаўлавіч  Пыльчанка з'яўляецца адным з  кіраўнікоў раёна, хвалюецца за лёс  людзей, якіх высяляюць з забруджанай  зоны, i не можа мірыцца з тым, што  партыйныя начальнікі ў такі згубны для людзей час паводзяць сябе як перастрахоўшчыкі, безадказна, не здольны  рашуча дзейнічаць. Пыльчанку напаткала i яшчэ адна вялікая бяда – у Афганістане  загінуў другі ягоны сын Барыс. Не вытрымлівае выпрабаванняў сэрца  маці, Вольгі Андрэеўны

Чарнобыль i вайна ў Афганістане ўварваліся ў лёс беларускай сям'і, зруйнавалі чалавечае шчасце. Пісьменнік дае  нам магчымасць пераканацца, што  чалавек зрабіўся заложнікам амаральнай палітыкі грамадства.

2) Аўтар крытычна паказвае кіруючую, камандна-бюракратычную сістэму рэспублікі, на сумленні работнікаў якой перакрэсленыя чалавечыя жыцці, пакалечаныя лёсы, страчаныя надзеі (вобразы першага сакратара раённага камітэта партыі Сінякова і яго стрыечнага брата Лявонція Мікалаевіча, кіраўніка рэспубліканскага маштабу, якога з’едліва завуць Вадалеем).

Пісьменнік  як бы робіць анатамічны зрэз паслячарнобыльскай сітуацыі. У раёне, вобласці, рэспубліцы... Ba ўмовах, якія можна параўнаць з  франтавымі, калі на ўліку кожная мінута, адразу становіцца зразумела, хто ёсць хто.

Як  слушна зазначае А. Марціновіч, вобраз Лявонція Мікалаевіча – вобраз-сімвал. Ba ўсіх рэаліях паўстае тыповы прадстаўнік  камандна-адміністрацыйнай сістэмы, які не тое што не хоча працаваць па-новаму. Інакш працаваць ён проста не ўмее.

3) У рамане І.Шамякіна “Злая зорка” ўся мастацкая палітра працуе на апісанне бяды – папярэджанне пакаленням, новаму роду. Сімвалічнымі становяцца нават дробныя дэталі:; напалоханы верабей; самлелая тэлефаністка і галінка марэлі ў шклянцы з вадою, што перакулілася.

Трагічнае гучанне ў рамане набываюць і  пейзажныя вобразы. Туман, напрыклад, становіцца ўвасабленнем сілы зла. Так, у тумане прыйшло да Вольгі Андрэеўны прадчуванне, што Барыс загіне ў Афгане. Туман нагнятае ў душы шчаслівага Глеба прадчуванне бяды: “А цяпер усё ахутаў ненатуральна белы туман, такі густы, што, здавалася, працягні руку – i не ўбачыш уласных пальцаў (…) Боязна стала спусціцца з ганка, бо наплыло ўяўленне: сіганеш у гэтае малако i – згінеш у ім, ператворышся ў тую пылінку, што лятае ў бездані космасу. Так падумаў, з гумарам, безумоўна. Але жарт жартам, a ў душы расло нейкае неасэнсаванае, незнаёмае адчуванне трывогі. Пачало дзерці ў горле. Ела вочы. Не, не звычайны гэта туман. Штосьці незвычайнае творыцца ў прыродзе…” [16, с.58]. Адзін з разделаў так і названы – “Туман”.

Сонца перастала несці людзям святло і жыццё, яно нібы адарвалася ад неба, спыніла свой ход і павісла: “не ласкава-сарамлівым, як некалі, здалося яно, а злавесным, што вялікі пажар. А яшчэ чамусьці здалося, што сонца адарвалася ад неба, а зямля не прымае яго, i яно павісла. I гэтак будзе вісець. I не здолее ўзысці, страціўшы сілу…” [16, с.184].

Прырода як бы спыніла сваё развіццё, пратэстуючы  супраць безгаспадарлівых адносін  да ўсяго навакольнага, надбайнасці  і бяздушнасці

Метафарычная  назва рамана – Злая зорка – носьбіт сімвалічнага сэнсу, што мае карані народнай вуснапаэтынай творчасці і Бібліі (па-ўкраінску палын – і ёсць чарнабыл).

У параўнаннні з раманам 1991 года, аповесць “Зона павышанай радыяцыі” мае выразна філасофскае гучанне. Празаіка цікавіць найперш унутраны, псіхалагічна-эмацыянальны змест жыцця асобы ў цеснай суаднесенасці з часам і яго наступствамі. Напісаная ад імя “я” героя, аповесць нагадвае плынь свядомасці чалавека – чалавека трагічнага кшталту, які, паблукаўшы па “чарнобыльскім пекле”, прыходзіць да разумення жыцця як вялікай і непераходнай каштоўнасці..

Зона ў аповесці – шматпланава-сімвалічны вобраз.

Павел Паўлавіч Вятрэнкі – яскравы тып афіцэра, які жыў не толькі па загадах, але і па абавязку сэрца – добра ведае, што такое зона. І не толькі чарнобыльская, дзе яны жывуць разам з жонкай. Амаль усе гады сваёй афіцэрскай службы, за выключэннем вучобы ў ваенна-інжынернай акадэміі ў Маскве, ён, можна сказаць, быў адлучаны ад жыцця сучаснай цывілізацыі (Курылы, Кольскі паўвостраў, ракетная база на Гомельшчыне).

Вятрэнкі не былі па-сапраўднаму свабоднымі, ахвяравалі сабой, як здавалася, дзеля чагосьці вышэйшага і значнага. Жыцці гэтых людзей скарыстала дзяржава і ўлада, змусіўшы да стаіцызму, існавання ва ўмовах пастаяннай ізаляцыі. А што яны ў выніку набылі? Праз шмат гадоў сям’я Вятрэнкаў урэшце займела родную “зямлю абетаваную”, аднак фактычна адзіная іх уласнасць – доўгачаканы ўласны дом і Жэнева магіла.

I. Шамякін, як пісьменнік-гуманіст, пратэстуе супраць сляпога тэхнічнага прагрэсу ў ядзерна-атамны век, антычалавечых эксперыментаў над народам, на якія яго асудзілі гора-вучоныя i бяздумныя кіраўнікі. Ён заглыбляецца ў трагедыйныя адчуванні чалавека, каб раскрыць усю тую бяду, якую прынёс выбух на атамнай электрастанцыі. Раман пісьменніка напоўнены пранікнёным маральна-публіцыстычным пафасам, вялікай душэўнай трывогай за лёс жыцця. «Спыніся, чалавецтва!» – такі гуманістычны заклік гучыць у фінале «Злой зоркі». Заклік гэты вынікае з трагедыі асобнага чалавека i той ўсеагульнай бяды, якая запоўніла беларускую зямлю.

 

 

 

Спіс  выкарыстаных крыніц

  1. Бельскі, А. Пад знакам палыновай зоркі: Беларуская літаратура: 20 гадоў пасля Чарнобыля / А.Бельскі // Роднае слова. – 2006. – №3–4. – С.24–26.
  2. Бельскі, А.І. Прапаведнік духоўнасці і чалавечнасці : Сучаснасць ў мастацкім асэнсаванні Івана Шамякіна / А.І. Бельскі // Роднае слова. – 1996. – № 1. – С. 9–24.
  3. Бугаёў, Д.Я. Вобраз маці і жанчыны ў творах Івана Шамякіна / Дз.Бугаёў // Роднае слова. – 2007. – № 1. – С. 14–16.
  4. Дашкевіч, Г.М. Зорка роспачы і жалобы / Г.М. Дашкевіч // Літаратура і мастацтва. – 1991. – 10 мая (№ 19). – С. 6–7.
  5. Дашкевіч, Г.М. Мастацкая адметнасць рамана І Шамякіна “Злая зорка”/ Г.М. Дашкевіч // Вобразна-эстэтычны аспект нацыянальнай мастацкай свядомасці: зборнік навуковых артыкулаў выкладчыкаў кафедры беларускай літаратуры. Вып. 5 / УА “Мазырскі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя І. П. Шамякіна”. – Мазыр, 2007. – С. 14–20.
  6. Дзюбайла, П.К. Проза / П.К. Дзюбайла // На парозе 90-х : літаратурны агляд / М. М. Арочка, П. К. Дзюбайла, С. С. Лаўшук. – Мінск : Навука і тэхніка, 1993. – С. 94–137.
  7. Жардзецкая, А. Зямля, параненая Чарнобылем: Праблема ўзаемаадносінаў чалавека і прыроды ў творах Віктара Казько, Алеся Кажадуба, Івана Шамякіна / А.Жардзецкая // Роднае слова. – 2003. – № 10. – С.28–30.
  8. Іван Шамякін: вядомы і невядомы: успаміны, эсэ, аповесць / уклад. Т. Шамякіна. – Мінск: ЛіМ, 2011. – 269 с.
  9. Каваленка, В.А. Іван Шамякін: нарыс жыцця і творчасці / В. А. Каваленка. – Мінск: Народная асвета, 1980. – 205 с.
  10. Локун, В. Легенды і праўда жыцця: да 75-годдзя І.Шамякіна / В.Локун // Полымя. – 1996. – № 1. – С.341–371.
  11. Прохар, М. Эсхаталагічныя матывы ў творах Івана Шамякіна, прысвечаных чарнобыльскай трагедыі / М. Прохар // Роднае слова. – 2010. –№ 2. – С.26–29.
  12. Прохар, М. Імкненне да “залатой ніці” выратавання: (пераасэнсаванне міфалагічных і фальклорна-хрысціянскіх вобразаў у чарнобыльскай прозе): разглядаюцца творы В.Карамазава, В.Казько, І.Шамякіна / М. Прохар // Маладосць. – 2011. – № 4. – С. 93–97.
  13. Тычына, М. Выратуй і памілуй / М. Тычына // Беларусь. – 1994. – №8. – С 23–25.
  14. Шамякін І. Прайсці праз зону: Проза, паэзія, публіцыстыка / І. Шамякін, Э. Акулін [і інш.]; уклад. І. Бутовіч; прадм. І. Шамякіна. – Мінск: Маст. літ., 1996. – 543 с.
  15. Шамякін Іван // Беларускія пісьменнікі (1917–1990): даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі; нав. рэд. А.Л. Верабей. – Мінск.: Маст. літ., 1994. – 653 с.
  16. Шамякін, І. Злая зорка: раман / Іван Шамякін; паслясл. А. Марціновіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. – 311 с.
  17. Шамякін, І. П. Зона павышанай радыяцыі : аповесць / Іван Шамякін // Беларуская думка. – 1997. – № 4. – С. 121–147 ; № 5. – С. 127–155 ; № 6. – С. 164–181.

Информация о работе Чарнобыльская трагедыя ў прозе І. Шамякіна