Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII ст. – пачатак ХХ ст.).

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Февраля 2013 в 14:02, контрольная работа

Краткое описание

Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII ст. – пачатак ХХ ст.).

Вложенные файлы: 1 файл

Гісторыя Беларусі.doc

— 174.50 Кб (Скачать файл)

Рэформы 30 – 50-х гадоў  захоўвалі сваю чыста дваранскую накіраванасць. Прынцыпы рэфармавання дзяржаўнай вёскі былі прызнаны памешчыкамі  занадта радыкальнымі. Сацыяльна-прававое становішча памешчыцкіх сялян мала змянілася. Аднак, хаця феадальная ўласнасць заставалася пакуль некранутай, феадалізм няўхільна каціўся да свайго канца.

 

5. Паўстанне  1863г. у Беларусі. Погляды і дзейнасць  К.Каліноўскага

 

5.1. Выспяванне  паўстання. Удзельнікі паўстання і іх патрабаванні

 

Выспяванне паўстання  было звязана з сацыяльна-эканамічнымі і грамадска-палітычнымі абставінамі  развіцця Беларусі ў другой палове ХІХ ст. Сялянства Беларусі ў сваёй  большасці было незадаволена ўмовамі  адмены прыгоннага права. З мэтай прадухілення іх удзелаў ў паўстанні супраць самадзяржаў’я, што пачалося ў 1863г. у Польшчы, царскі ўрад змяніў некаторыя палажэнні рэформы 1861 г.і скасаваў часоваабавязанае становішча сялян. Былі паменшаны на 20% выкупныя плацяжы. Гэта паўплывала на ўдзел сялянства ў паўстанні (сярод паўстанцаў налічвалася толькі 18% сялян).

Масавы ўдзел у паўстанні  ўзяла шляхта, якая дамагалася аднаўлення незалежнай Рэчы Паспалітай у межах 1772г. Найбольш радыкальная (рашуча настроеная) частка шляхты ажыццяўленне сваіх мэтаў звязвала з падрыхтоўкай і правядзеннем узброенага паўстання супраць царскіх улад пры падтрымцы сялян. Прыхільнікаў такой тактыкі дзеянняў называлі “чырвонымі”. Частка буйных памешчыкаў спадзявалася дасягнуць названай мэты мірным шляхам (калектыўнымі заявамі на імя цара, мірнымі шэсцямі) без удзелу сялянства. Прыхільнікаў такой тактыкі дзеянняў адносяць да кансерватыўнай часткі шляхты і называюць “белымі”.

Кіраўніком “чырвонай” плыні шляхецкіх рэвалюцыянераў у Беларусі стаў Вікенцій Канстанцін (Кастусь) Каліноўскі (1838 – 1864 гг.). Да рэвалюцыйнай дзейнасці прылучыўся ў час вучобы на юрыдычным факультэце Пецярбургскага універсітэта. Вярнуўшыся ў 1861 г. пасля навучэння на радзіму, ён стварае на Гродзеншчыне рэвалюцыйную арганізацыю і становіцца восенню 1862 г. старшынёю Літоўскага правінцыяльнага камітэта (ЛПК) у Вільні – цэнтра – “чырвоных” у Літве і Беларусі, які ўзначаліў падрыхтоўку ўзброенага паўстання супраць царскіх улад.

Вялікую ролю ў арганізацыі  паўстання адыграла выданне з лета 1862 г. К.Каліноўскім разам са сваімі паплечнікамі В. Урублеўскім і Ф. Ражанскім першай рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты на Беларусі “Мужыцкая праўда”. Яна друкавалася на беларускай мове лацінскім шрыфтам. Справа ў тым, што ў другой палове ХІХ ст. беларускім сялянам, для якіх і друкавалася газета, быў зразумелы лацінскі шрыфт, што выкарыстоўваўся ў польскай мове. Яна з канца XVII ст. была дзяржаўнай ў Рэчы Паспалітай і да яе прызвычаілася сялянства, якое ў жыцці карысталася шматдыялектнай беларускай мовай. Літаратурная беларуская мова толькі яшчэ стваралася ў дадзены перыяд. Выйшла 7 нумароў газеты, кожны з якіх пачынаўся зваротам: “Дзецюкі!”, адрасаваным да тых беларускіх сялян-юнакоў, якім па ўзросту трэба было ісці выконваць воінскі абавязак у расійскую армію: “Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржэмся разам!.. Мужык пакуль здужае трымаць касу і сякеру, бараніць сваё... ні ў кога ласкі прасіць не будзе”. К. Каліноўскі прапагандаваў ідэю народнай, сялянскай рэвалюыі і сфармуляваў ідэю дэмакратычнай народнай дзяржавы: “... не народ зроблены для ўрада, а ўрад для народа”. Ён падпісваў нумары газеты псеўданімам (мянушкай) “Яська, гаспадар з-пад Вільні”.

 

5.2. Ход і  вынікі паўстання

 

Паўстанне ў Польшчы  пачалося ў студзені 1863г. без узгаднення з Літоўскім правінцыяльным камітэтам у Вільні (ЛПК). Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве (у далейшым стаў Польскім нацыянальным урадам, дзе пераважалі “белыя”) не ўлічваў патрабаванні рэвалюцыйных дэмакратаў на чале з К.Каліноўскім. Фактычная ігнараванне “белымі” ЛПК паставіла яго перад выбарам: далучыцца да польскага паўстання, якое ўжо пачалося і, такім чынам, падпарадкавацца Варшаве, ці дзейнічаць самастойна.

К.Каліноўскі апрынуўся  ў дастаткова трагічным становішчы. Ён вымушаны быў з прычыны слабасці рэвалюцыйна-дэмакратычных сіл у Беларусі супрацоўнічаць з польскімі шляхецкімі рэвалюцыянерамі.

Адсутнасць адзінага плана баявых дзеянняў, недахоп сіл  і зброі, малая падтрымка, а часта  і выступленні супраць шляхты з боку сялянства, аб’яўленне беларуска-літоўскіх  губерняў на ваенным становішчы і правядзенне карнай аперацыі супраць паўстанцаў пад кіраўніцтвам віленскага генерал-губернатара М. Мураўёва, разнагалоссі паміж удзельнікамі паўстання паўплывалі на яго вынік. Ужо ў маі 1863г. паўстанне было падаўлена ў Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай губернях. Прадчуваючы паражэнне, “белыя” пачалі пакідаць свае пасады ў кіраўніцтве і ў чэрвені 1863 г. яно перайшло да “чырвоных”. Аднак дабіцца пералому ў ходзе паўстання прыхільнікам К. Каліноўскага не ўдалося. Восенню 1863 г. узброеная барацьба ў Беларусі была практычна падаўлена. У Польшчы яна працягвалася яшчэ да восені 1864г.

У канцы студзеня 1864 г. быў арыштаваны К. Каліноўскі. Знаходзячыся ў турме, ён напісаў і перадаў  на волю тры пісьмы для свайго народа, вядомыя пад назвай “Пісьмы з-пад шыбеніцы”. З пісем вынікала, што К. Каліноўскі не прызнаваў маскоўскі або польскі ўрады сваімі для беларусаў. Ён заклікаў беларускі народ ісці ваяваць “за свайго Бога, за сваё права, ... за сваю Бацькаўшчыну”. У свой апошні час, стоячы пад шыбеніцай, К. Каліноўскі пры абвяшчэнні судовага прыгавору, у якім яго назвалі “дваранінам”, заявіў: “У нас няма дваран, усе роўныя”.

У 1995 г. Вярхоўны Савет  Рэспублікі Беларусь зацвердзіў палажэнне  аб ордэне К. Каліноўскага. Новая дзяржаўная ўзнагарода нашай рэспублікі – знак прызнання значымасці асобы К. Каліноўскага ў айчыннай гісторыі.

Пакаленне беларускіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў 1860-х гг. на чале з К. Каліноўскім  сфарміравалася пад уплывам лозунга  “За нашу і вашу свабоду!”, які  азначаў сумесную барацьбу беларускага і польскага народаў за сваё нацыянальнае вызваленне (аўтар лозунга І. Лялевель).

Паслядоўнікамі К. Каліноўскага сталі студэнты-беларусы, што вучыліся ў Пецярбургу. Яны адносіліся да руху народнікаў – прыхільнікаў народнай (сялянскай) рэвалюцыі, з дапамогай якой бачылася магчымасць перайсці да пабудовы новага сацыялістычнага (справядлівага ў адносінах да ўсіх людзей у грамадстве) ладу. 

 

6. Нацыянальна-культурнае развіццё Беларусі

 

6.1. Развіццё беларускай культуры пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі

 

Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі нацыянальна-культурнае развіццё Беларусі адбывалася ў новых  абставінах, звязаных з фарміраваннем  капіталістычных адносін, станаўленнем беларускай нацыі, зараджэннем і паступовым узмацненнем нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. У канцы XVIII – першай палове XIX ст. моцныя пазіцыі ў Беларусі мела польская культура. Польская мова была мовай пераважнай часткі адукаванага насельніцтва, мовай асветы, тэатра, кнігадрукавання. На карысць польскай культуры працавала шмат ураджэнцаў Беларусі: у літаратуры — А.Міцкевіч і У.Сыракомля (сапр. Л.Кандратовіч), музыцы — М.К.Агінскі і С.Манюшка.

Адначасова з паланізатарскімі тэндэнцыямі ў культурным жыцці  Беларусі пачынае ўзмацняцца рускі ўплыў. На першым этапе распаўсюджванне рускай культуры праходзіла праз польскае пасрэдніцтва: пераклад рускіх кніг, пастаноўка п’ес рускіх аўтараў, падрыхтоўка да друку руска-польскіх выданняў. Ажыццяўлялася распрацоўка планаў забудовы беларускіх гарадоў у адпаведнасці з прынцыпамі рускага горадабудаўніцтва і г.д.

У другой чвэрці XIX ст. палітыка царызму, накіраваная супраць паланізацыі, стала больш рашучай і жорсткай. Афіцыйная польска-моўная культура паступова замянялася афіцыйнай  рускамоўнай культурай. Нягледзячы, аднак, на моцны іх уплыў, ішоў працэс росту самасвядомасці беларусаў, станаўлення нацыянальнай культуры, якая абапіралася на мову, звычаі, абрады, традыцыі народа і распрацоўвалася патрыятычна настроенымі прадстаўнікамі інтэлігенцыі. Акрамя таго, яўрэі, татары і іншыя народы, якія жылі на тэрыторыі Беларусі, мелі сваю мову і культуру. Таму культуру Беларусі першай паловы XIX ст. можна назваць шматмоўнай.

 

6.2. Ідэалогія Асветніцтва. Развіццё беларусазнаўства

 

Станаўленне капіталістычных  адносін праходзіла ва ўмовах вострай ідэалагічнай барацьбы. Новаму буржуазнаму класу неабходна было ідэйна абгрунтаваць свае правы на эканамічнае і палітычнае панаванне ў грамадстве. Так з'явілася ў Еўропе антыфеадальная паводле сваёй сацыяльна-палітычнай сутнасці ідэалогія Асветніцтва. Яе распаўсюджванне ў Беларусі прыпадае на канец XVIII –  першую трэць XIX ст. Працягваючы ў новых умовах гуманістычныя традыцыі эпохі Адраджэння, асветнікі прапаведвалі прыярытэт розуму, асветы і навукі ў жыцці асобы і грамадства. Замест ідэалу былых часоў – чалавека старых правіл, набожнага, экзальтаванага, непрымірымага да ўсяго новага – перадавое шляхецкае асяроддзе фарміравала іншы ідэал. Гэта – чалавек разумны, рацыяналіст і скептык, крытык рэлігіі, рэфарматар, адкрыты дасягненням сусветнай культуры і новым яе павевам.

Прыхільнікі новай, асветніцкай  ідэалогіі мянялі старадаўнія жупаны і кунтушы на еўрапейскае адзенне, перабудоўвалі на новы лад свае сядзібы, бо барока здавалася ім старамодным. Яны аддавалі перавагу мастацкаму стылю эпохі Асветніцтва – класіцызму, які імкнуўся ўсё падпарадкаваць законам розуму, прыгажосці і велічнай прастаты.

Першая палова XIX ст. —  час узнікнення навуковага беларусазнаўства. Вывучэнне Беларусі ажыццяўлялі  Расійская акадэмія навук, Рускае геаграфічнае таварыства, Віленскі універсітэт, Маскоўскае таварыства аматараў старажытнасцей расійскіх, створаныя па ініцыятыве Я.Тышкевіча Віленскі музей старажытнасцей і Віленская археалагічная камісія.

Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства ўнеслі ўраджэнцы  Беларусі: гісторыкі Іван Грыгаровіч, Ігнат Даніловіч, аўтар дзевяцітомнай "Гісторыі літоўскага народа" Тэадор Нарбут, Міхаіл Без-Карніловіч, які ў 1855 г. выдаў у Пецярбургу "Гістарычныя звесткі аб знамянальных мясцінах у Беларусі", лінгвісты Іван Насовіч і Станіслаў Мікуцкі. Пісьменнік-этнограф Павел Шпілеўскі з'яўляўся аўтарам навукова-пазнавальных твораў "Падарожжа па Палессі і беларускім краі" і "Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках". На карысць беларускай гісторыі, археалогіі, этнаграфіі і краязнаўства працавалі браты Яўстафій і Канстанцін Тышкевічы, вучоны і грамадскі дзеяч Адам Кіркор, публіцыст і адзін з першых даследчыкаў беларускай літаратуры Рамуальд Падбярэзскі.

У першых творах па беларусазнаўству раскрываліся багацці матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа: апісаны побыт, жыллё, прылады працы селяніна, каляндарна-земляробчыя (калядныя, валачобныя, купальскія, дажынкі, зажынкі) і сямейна-бытавыя (вяселле, хрэсьбіны, пахаванне) абрады і звычаі. Знайшла адлюстраванне таксама народная творчасць (фальклор, музыка, харэаграфія і прыкладное мастацтва), асабліва такія жанры фальклору, як песні, казкі, загадкі, прыказкі, прымаўкі, легенды і паданні.

Развіццё беларусазнаўства, павышэнне інтарэсу да гісторыі і  этнаграфіі беларусаў садзейнічалі ўсведамленню прадстаўнікамі шляхты і разначынных слаёў сваёй прыналежнасці да народа, пошуку імі сваіх каранёў. Мацнела этнічная самасвядомасць, ішоў працэс пераўтварэння народнасці ў беларускую нацыю.

Фарміраванне беларускай нацыі, сацыяльна-эканамічныя змены ў грамадстве, а таксама хваля агульнаславянскага нацыянальнага адраджэння ў пачатку XIX ст. садзейнічалі выпрацоўцы новай беларускай літаратурнай мовы на базе шматлікіх беларускіх гаворак (дыялектаў). Гэта мова абапіралася выключна на жывую народную гаворку. Нанова складваліся графіка (лацінка польскага ці кірыліца рускага ўзору), правапісання, лексіка, не звязаная з працай і побытам сялянства і гарадскіх сацыяльных нізоў.

У першай палове XIX ст., па сутнасці, адзінай сферай выкарыстання новай беларускай мовы была мастацкая літаратура. У сувязі з цяжкасцямі друкавання і распаўсюджання беларускіх твораў, а таксама забаронай у канцы 50-х гадоў друкавання ўкраінскіх і беларускіх кніг лацінскім шрыфтам літаратура была пераважна рукапіснай і ананімнай. Ананімныя вершаваныя гутаркі (“Гутарка Данілы са Сцяпанам”, “Сход”, “Вясна гола перапала”), вершы Ф.Савіча, П.Багрыма, І.Легатовіча, У.Сыракомлі, В.Каратынскага і іншыя творы выявілі антыпрыгонніцкія настроі аўтараў, любоў да радзімы, спачуванне цяжкай долі народа.

Праблемы народнасці, нацыянальнай самабытнасці ставіліся  лепшымі літаратурнымі творамі  таго часу, у прыватнасці ананімнымі паэмамі "Энеіда навыварат" і "Тарас  на Парнасе". У першым творы ў  сатырычным выглядзе паказаны прыгонніцкі лад, упершыню загучала жывая гутарковая беларуская мова, у другім –  адлюстравана жыццё беларускай вёскі: антычныя героі і багі паводзілі сябе, апраналіся, весяліліся і бедавалі, як беларускія сяляне і збяднелыя шляхціцы.

У першай палове XIX ст. у літаратуры з'явіліся таленавітыя паэты і празаікі з асяроддзя апалячанай беларускай шляхты, якія ішлі да творчасці на беларускай мове ад захаплення народнымі казкамі, песнямі, паданнямі і легендамі. Сярод іх – Ян Чачот, Аляксандр Рыпінскі, Ян Баршчэўскі. Гэтыя пісьменнікі карысталіся лацінскім алфавітам.

Адной з самых яркіх  і буйных постацей у беларускай культуры XIX ст. быў ураджэнец Бабруйскага  павета, сын небагатага шляхціца Вінцэнт  Дунін-Марцінкевіч. Сваім ідэалам  ён бачыў сацыяльнае адзінства вярхоў і нізоў народа на аснове ўсведамлення нацыянальнай і духоўнай еднасці. Праблему ўзаемаадносін паноў і мужыкоў ён вырашаў ідылічна ў двухмоўным творы "Ідылія", у якім, як і ў жыцці, паны гаварылі на польскай, а мужыкі – на беларускай мове.

Развіццё культуры Беларусі ў канцы XVIII –  першай палове XIX ст. было звязана з такімі грамадскімі з'явамі, як крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы і ўмацаванне капіталістычнага ладу, фарміраванне беларускай нацыі і рост самасвядомасці беларусаў, абвастрэнне класавых антаганізмаў, барацьба працоўных супраць прыгнёту і бяспраўя. Станоўчы ўплыў на стан і развіццё беларускай культуры аказала культура Расіі, Польшчы, Украіны, краін Заходняй Еўропы. Беларускае мастацтва, архітэктура і скульптура прайшлі агульны з суседнімі краінамі шлях стылявога развіцця –  ад барока праз класіцызм да рамантызму. Нягледзячы на саслоўна-манархічны характар палітыкі, якую праводзілі расійскія ўлады, беларуская культура ўключалася ў агульнаеўрапейскі працэс дэмакратызацыі, станавілася даступнай больш шырокім колам насельніцтва.

Информация о работе Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII ст. – пачатак ХХ ст.).